З Беларусі з’ехала 15% айцішнікаў, траціна з іх не збіраецца вяртацца



Як паказала анкетаванне, з краіны з’ехала 14,8% апытаных (264 чалавекі). Амаль такі ж працэнт рэлакантаў быў і ў студзені. Траціна тых, хто з’ехаў, пакуль не вырашылі, ці вяртацца назад. Яшчэ траціна ўжо вызначыліся: застануцца за мяжой пры любым раскладзе. Хоць яшчэ тры месяцы таму доля такіх спецыялістаў была ў 4 разы меншай, піша dev.by.

У анкетаванні прынялі ўдзел 1778 ІТ-спецыялістаў. 42% рэспандэнтаў працуюць / працавалі ў аўтсорсінгавых кампаніях, траціна — у прадуктовых. Большасць рэспандэнтаў — распрацоўшчыкі.

Амаль 90% (89,8%) спецыялістаў, пакінулі краіну пасля падзей жніўня 2020 года.

Большасць рэлакантаў — «эліта» беларускага ІТ-сектара. Сярод усіх, хто з’ехаў, 38% — спецыялісты ўзроўню Senior. На другім месцы спецыялісты ўзроўню Middle (27,3%), на трэцім — спецыялісты ўзроўню Lead (26,5%).

На першым месцы ў рэйтынгу рэлакантаў па спецыяльнасцях DevOps Engineer. З усіх DevOps Engineer, якія ўдзельнічалі ў анкетаванні, 18% ужо за мяжой.

Польшча застаецца для беларускіх айцішнікаў самым папулярным варыянтам для пераезду. Яе выбралі больш за палову рэлакантаў. Прычым за апошнія тры месяцы працэнт айцішнікаў, якія з’ехалі ў Польшчу, вырас.

Украіна і Літва застаюцца ў топ-3 самых папулярных лакацый для беларускіх айцішнікаў, але з вялікім адставаннем ад Польшчы.

У топ-5 самых папулярных лакацый, паводле вынікаў красавіцкага анкетавання, аказалася Грузія. Некаторыя супрацоўнікі знайшлі варыянты для працы ў Іспаніі, Бельгіі Сербіі, Італіі, Чарнагорыі, Балгарыі.

Амаль 33% ІТ-адмыслоўцаў пакуль не вызначыліся, ці вяртацца ў Беларусь і калі.

Яшчэ траціна спецыялістаў не выключаюць магчымасці вяртання, але пры ўмове, што ў краіне нармалізуецца сітуацыя. Праўда, большасць у гэтай катэгорыі гатовыя чакаць нармалізацыі не больш за год-два.

4 чалавекі паведамілі, што вернуцца ў любым выпадку: ім некамфортна за мяжой.

30% вяртацца не збіраюцца.

Доля спецыялістаў, якія не хочуць вяртацца, катастрафічна вырасла. Яшчэ ў верасні мінулага года катэгарычна супраць вяртання ў Беларусі выказаліся толькі 2% рэлакантаў, у студзені гэтага года — каля 8%.

novychas.by