Агляд прэсы: вечная вясна



 У Беларусі каталіцкія чыноўнікі маўчаць, але некаторыя католікі дэманструюць падтрымку ціха. СМІ сочаць за тым, як Расея і ЗША спрабуюць паразмаўляць на нейтральнай тэрыторыі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

 «На біскупаў і святароў аказваецца ціск, каб яны не выказваліся пра правы чалавека ў Беларусі, і многія лічаць, што гэта падтрымліваюць рэкамендацыі Ватыкана», – піша міжнароднае каталіцкае выданне Сrux now. «Папярэдні шырокі энтузіязм  беларускага народа саступіў месца больш песімістычнаму стаўленню з меншай колькасцю чаканняў на хуткія перамены. Але ў той час як шмат хто з духоўных і свецкіх асобаў баіцца гаварыць адкрыта, стаіць пытанне, якім чынам дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу».

Для прыкладу выданне цытуе прэс-сакратара Каталіцкай царквы ў Беларусі, ксяндза Юрыя Санько, які заявіў, што Касцёл заняты «пастырскімі праблемамі», якія выклікала пандэмія каронавірусу, у тым ліку арганізацыяй рэлігійнай адукацыі і першай Камуніі. Аднак менавіта адсутнасць турэмных капеланаў перашкодзіла Касцёлу дапамагчы многім людзям, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў турмах Беларусі і, відавочна, маюць патрэбу ў суцяшэнні.

Джо Байдэн патэлефанаваў Пуціну і прапанаваў правесці сустрэчу на вышэйшым узроўні, на тэрыторыі трэцяй краіны. Падставай для гэтага кроку паслужыла канцэнтрацыя расейскіх войскаў на мяжы з Украінай, якая нарастае за апошнія тыдні. Таксама ЗША адправілі два баявыя караблі акурат у Чорнае мора.

«У выніку маем небяспечнае супрацьстаянне», – такое меркаванне на сваіх старонках друкуе гішпанская газета La Stampa.

«Абодва бакі дэманструюць гатовасць задзейнічаць усе магчымыя сродкі ў выпадку агрэсіі. З прычыны крайняй напружанасці ў расейска-амерыканскіх адносінах не варта недаацэньваць выбухованебяспечны патэнцыял гульні мускулаў на фоне новай «жалезнай заслоны». Было б наіўна меркаваць, што на абодвух франтах няма тых, хто быў бы не супраць развязаць абмежаваны бліцкрыг, зыходзячы з ілюзіі, што нават у актыўнай фазе гэты канфлікт можна будзе ўрэгуляваць. Але гэта не той выпадак. Занадта шмат гвалту, фрустрацыі – і занадта мала жадання слухаць іншы бок», – адзначае гішпанскае выданне.

Перамены ў Белым доме не змянілі амерыканскі погляд на «Паўночны паток – 2». ЗША па-ранейшаму лічаць яго расейскім інструментам для падзелу Еўропы, які таксама пагражае трансатлантычным адносінам. «Але Чэхіі запуск гэтага газаправоду, які ўжо амаль скончаны, можа прынесці вялікі эканамічныпрыбытак», – адзначае чэшскае выданне iDNES.

Паводле выдання, з пункту гледжання бізнэсу «Паўночны паток – 2» важны ў першую чаргу для немцаў. Хутка яны закрыюць апошнюю АЭС і развітаюцца з вуглём. Прыпыненне такіх крыніц, па меншай меры на нейкі час, часткова павінен кампенсаваць менавіта газ.

«Спрэчкі вакол «Паўночнага патоку – 2» могуць паставіць пад пагрозу трансатлянтычныя адносіны. ЗША ўжо пагражалі санкцыямі кампаніям, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве. Цяпер Вашынгтон плануе прызначыць уласнага прадстаўніка, які перашкодзіць запуску «Паўночнага патоку – 2». Застаецца пытанне, ці дазволіць сабе Германія ўвесці гэты газаправод у эксплуатацыю насуперак планам ЗША», – задаецца пытаннем чэшскае выданне і прызнае, што ў цэлым запуск газаправоду можа прынесці Чэхіі вялікую эканамічную выгаду.

У мабільным грузавіку-боксе, устаноўленым у двары адной з румынскіх лякарняў, у мінулы панядзелак памерлі тры пацыенты, падлучаныя да апарата штучнага дыхання. Згодна з папярэдняй версіяй, прычынай паслужыла тэхнічная няспраўнасць сістэмы забеспячэння кіслародам. Мабільныя боксы былі закуплены ў мінулым красавіку з мэтай паменшыць нагрузку перапоўненых лякарняў. СМІ пішуць пра тое, што цяперашні выпадак – толькі вяршыня айсберга.

«Для таго каб адолець пандэмію, сярод усяго іншага неабходная і іншая палітычная культура», – піша румынская рэдакцыя Deutsche Welle:

«Ніхто так і не ўзяў на сябе адказнасць за тое, што ў шпіталях здарыліся пажары за апошнія паўгода, падчас якіх загінулі пацыенты. Няма вінаватых і ў лякарні ў Бухарэсце, дзе ў панядзелак увечары памерлі тры пацыенты. У той час як асобы, якія прымаюць палітычныя рашэнні, абвінавачваюць адзін аднаго, з СААЗ паступаюць паведамленні аб тым, што колькасць захворванняў на COVID-19 расце „ў геаметрычнай прагрэсіі”. Апынуўшыся ў крайняй сітуацыі, Румынія павінна была б ужо зразумець, што патрабуецца на самай справе: каранцін, выразныя правілы, празрыстыя тлумачэнні і адказнасць. Бо гаворка ідзе пра жыццё і смерць».

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка