Без рэформаў крызіс у Беларусі паглыбіцца



Стан беларускай эканомікі на працягу многіх гадоў з’яўляецца слабым месцам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Усё ўказвае на тое, што так будзе працягвацца і далей. Прэзідэнт Беларусі цалкам кантралюе беларускую палітыку, але ці здольны ён кантраляваць эканоміку? Адказвае эканамічны эксперт Беларускага Радыё Рацыя.

Эканамічны крызіс у краіне быў выкліканы абяцаннем падвышэння заробкаў. У выніку – выбух інфляцыі. Цягам аднаго года цэны выраслі на 110%, пасля чаго была парушана раўнавага ў плацёжным балансе, і, такім чынам, дайшло да значнай дэвальвацыі нацыянальнай валюты.

У той жа час рэпрэсіі ў дачыненні да апазіцыі і разгалінаваная сістэма фальсіфікацыі выбараў не пакінулі ўладам афіцыйнага Менска магчымасці атрымання дапамогі на Захадзе. Беларускую эканоміку выратаваў крэдыт у памеры 3 мільярдаў даляраў з Еўразійскага эканамічнага саюза, вядомага таксама як ЕўрАзЭС. Адзін мільярд даляраў крэдыту атрыманы ад «Ашчадбанка», і 2,5 мільярды даляраў – ад продажу «Газпраму» акцый на газавод «Белтрансгаза».

Можна было б сказаць, што гэта добра: такія патрэбныя сродкі ўпалі беларускаму прэзідэнту «з неба». Зноў з’явіліся ў продажы імпартныя тавары, зніклі чэргі ў пунктах абмену валют, і агульная незадаволенасць беларускага грамадства кіраваннем уладаў прыціхла. Эканамічная сітуацыя на некаторы час стала стабільнай. Але прэзідэнт Беларусі не выкарыстаў час, каб увесці больш глыбокія і сур’ёзныя рэформы для ўмацавання эканомікі. Замест гэтага паўтараюцца памылкі з мінулага, якія прывялі да заняпаду два гады таму. Аляксандр Лукашэнка зноў абяцае, што сярэдні заробак вырасце да 500 даляраў – гэта ў два разы больш, чым у 2012 годзе.

Працэс прыватызацыі таксама няясны. Адзіная паспяховая рэч – гэта продаж «Белтрансгаза». Расейцы па-ранейшаму хацелі б набыць стратэгічныя беларускія прадпрыемствы, нафтаперапрацоўчыя заводы і буйнога вытворцу калію – «Беларуськалій». Невядома, ці адбудзецца гэта. А калі адбудзецца, то якім чынам?

Умовай выдачы новых крэдытаў ад Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕўрАзЭСа) з’яўляецца далейшая прыватызацыя дзяржаўнага сектара. Каля 90% беларускай эканомікі знаходзіцца ў руках дзяржавы. Тым не менш, нягледзячы на тое, што Менск пагадзіўся на праграму прыватызацыі, ён баіцца, што гэта пазбавіць яго апошніх слядоў незалежнасці ад Расеі.

Продаж актываў прыватным інвестарам аслабіць дзяржаўны кантроль над грамадствам і прадпрыемствамі. Як вядома, сёння апазіцыянерам пагражаюць стратай працы. І такі інструмент ціску ўжо не будзе працаваць, калі прадпрыемствы перастануць быць дзяржаўнымі.

Цяпер еўразона пагрузілася ў крызіс, таму попыт на беларускія тавары ў Еўразвязе стаў малым. Сёння на міжнароднай арэне стаўленне да Беларусі пагоршылася, калі параўноўваць з папярэднімі гадамі. Еўразвяз не мае ніякага намеру і жадання дапамагаць Беларусі, пакуль яе ўрад не стане больш дэмакратычным і па-сяброўску настроеным да грамадства.

Краіна, нягледзячы на стварэнне на сваёй тэрыторыі свабодных эканамічных зон, паказала значнае падзенне замежных інвестыцый, якіх не было ў Беларусі ў 2012 годзе, за выключэннем расейскіх. Акрамя ўвядзення санкцый у дачыненні да высокапастаўленых чыноўнікаў з дзяржаўнага апарата, ёсць абмежаванні, якія тычацца буйных беларускіх прадпрыемстваў: яны не могуць атрымаць фінансаванне з-за мяжы і не могуць інвеставаць там. Гэта абмяжоўвае магчымасці для іх развіцця ў той час, калі Расея ўступіла ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Расея разам з Казахстанам, будучы ў Мытным звязе з Беларуссю, адкрылася значна шырэй на вострую міжнародную канкурэнцыю.

Што гэта значыць?

1) пагоршацца перспектывы для беларускіх вытворцаў, якія арыентуюцца на экспарт уласных тавараў;

2) становішча вытворцаў на ўласным, унутраным рынку стане больш складаным;

3) уступленне Расеі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю найперш і ў большай ступені паўплывае на беларускія заводы, якія вырабляюць грузавыя машаны;

4) у далейшай перспектыве пагаршэнне сітуацыі адчуюць заводы па вытворчасці лекавых сродкаў, халадзільнікаў, тэлевізараў і іншых тавараў агульнага карыстання;

5) дзяржаўныя даходы пойдуць на спад;

6) неабходнасць пагашэння крэдыту ў памеры 3,5 мільярда даляраў з Міжнароднага валютнага фонду.

Гэтую сітуацыю можна назіраць ужо сёння. Узмацненне канкурэнцыі на расейскім рынку прывяло да таго, што беларускі экспарт у Расею скараціўся. Гэта тычыцца трактароў, грузавікоў і сельскагаспадарчай тэхнікі. У дадатак Расея адмовілася ад пагаднення, у адпаведнасці з якім Беларусь не мусіла плаціць каля 2,5 мільярдаў даляраў ад экспарту нафты. Расея хацела захаваць нізкія цэны на нафтапрадукты, таму ўвяла экспартную пошліну. Сёння нафтапрадуктамі лічацца растваральнікі, якія не падпадаюць пад дзеючае пагадненне.

Але Беларусь мае і іншыя праблемы. Краіна змагаецца з высокім узроўнем беспрацоўя. Вядома, пра гэта афіцыйна не паведамляецца. Але з Беларусі эмігравала шмат працаздольнага насельніцтва. Большасць выехала да суседняй Расеі, дзе беларусы легальна могуць працаваць, атрымліваючы большыя заробкі, чым дома. Паводле інфармацыі незалежных сродкаў масавай інфармацыі, выехаць магло нават 10% беларусаў.

26-27 чэрвеня 2013 года ў Польшчы, у Беластоку, праходзіў XVII Польска-беларускі эканамічны форум “Добрасуседства-2013”, на якім адзін з высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў дзяржаўнага апарата сказаў: “У Беларусі няма беспрацоўя. Наадварот, краіна адчувае недахоп працоўнай сілы. Мы патрабуем яшчэ 600 тысяч чалавек, якія мусяць прыехаць да нас з-за мяжы”. Падаецца, што тут і каментаваць нічога не трэба.

Стан сельскай гаспадаркі, якая з’яўляецца асновай беларускай эканомікі, таксама знаходзіцца з стане распаду. Сам Аляксандр Лукашэнка кажа, што адна трэцяя частка сельскай гаспадаркі – непрыбытковая, але фінансуецца ў поўнай меры. Яшчэ адна трэцяя частка – цалкам крэдытаваная і таксама не прыносіць прыбытку.

Для паляпшэння эканамічнай сітуацыі ў Беларусі абавязкова патрэбны глыбокія рэформы. Аднак урад спрабуе ўнутрана стымуляваць рост беларускай эканомікі, каб забяспечыць сябе падтрымкай з боку насельніцтва краіны, а пра карэнныя змены і гаворкі не ідзе. Гучнае меркаванне, што да 2013 года беларуская эканоміка вырасце на 8,5 працэнтаў, а ў 2015 годзе – на 12,7 працэнтаў, падаецца неверагодным. Такі падыход пры цяперашнім спосабе кіравання толькі паскорыць новы віток інфляцыі і дэвальвацыі валюты.

Прыкметы росту крызісу  ў Беларусі бачны ўжо даўно. І хоць з продажам замежнай валюты ў краіне цяпер вялікіх праблемаў няма, беларускае грамадства, баючыся чарговага падзення ўласнага рубля, пры кожнай магчымасці стараецца набыць замежную валюту – еўра або даляры.

Беларускае Радыё Рацыя