Пра „клопат” Мінздароўя пра беларусаў



Як той казаў, я мсцю і мсця мая страшна. У Беларусі забаранілі некаторую прадукцыю nivea. Менавіта гэты брэнд у студзені адмовіўся фінансаваць чэмпіянат свету па хакеі, калі ён будзе праходзіць у Менску. І вуаля: не прайшло і паўгода, як прадукцыю nivea забаранілі. Адпаведную пастанову падпісаў намеснік міністра Мінздароўя, галоўны дзяржаўны санітарны доктар Аляксандр Тарасенка. Афіцыйная прычына — парушэнні, якія тычацца продажу прадукцыі без дакументаў, што сведчыць пра якасць і бяспеку, невыканання яе тэрміну прыдатнасці і адсутнасці кантролю. Ну, канешне: мы ўсе адразу і паверылі, што прычына зусім не ў чэмпіянаце свету па хакеі, а менавіта ў якасці прадукцыі і нейкіх там парушэннях. Больш за сто год існуе касметычная прадукцыя nivea. І толькі ў Беларусі яна раптам менавіта цяпер стала выклікаць падазрэнні. Прычым з боку Міністэрства аховы здароўя.

То бок год таму каронавірус, які распаўсюдзіўся па ўсім свеце, у Мінздароўя хваляванняў не выклікаў. А вось nivea іх чамусьці захвалявала. І чамусьці менавіта пасля таго, як Беларусь пазбавілі права праводзіць чэмпіянат свету па хакеі. Толькі не гаварыце ўладам Беларусі, што заснавальнікам маркі быў Паўль Карл Байерсдорф, які вынайшаў самы звычайны лейкапластыр. А тое раптам і лейкапластыр за кампанію забароняць. Канешне ж таксама ў мэтах клопату пра нас, каб не было няякаснай прадукцыі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ