“Пінская справа” – помста рэжыма



Пракурор запатрабаваў для фігурантаў “пінскай справы” да шасці з паловай гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Дванаццаці пінчукам-палітвязням дзяржаўны абвінаваўца патрабуе па шэсць гадоў, аднаму пяць з паловай і яшчэ аднаму шэсць з паловай гадоў. Акрамя таго звыш 70 пацярпелых міліцыянтаў агулам заявілі спагнаць з падсудных каля 530 тысяч рублёў кампенсацыі.

“Гэта адкрытая помста рэжыма”, – гаворыць пінскі блогер Мікалай Клімовіч:

– Людзям, якія ўчыняюць крымінальныя злачынствы, меней даюць, чым бедакам, якія нічога не зрабілі. Людзі, якія прыйшлі і патрабавалі, каб выбары былі сумленныя, каб жылі па Канстытуцыі, бо ў нас дыктатура. І ім – такі тэрмін! Канешне, гэта помста за тое, што людзі выйшлі.

У ноч з 9 на 10 жніўня пад будынкам Пінскага гарвыканкама адбываўся шматтысячны стыхійны мітынг. Пінчукі выйшлі патрабаваць сумленнага падліку галасоў. Пасля таго, як міліцыянты паспрабавалі атачыць і адціснуць натоўп, адбылася сутычка. У выніку следства прызнала пацярпелымі 109 сілавікоў. Затрыманні па “пінскай справе” працягваюцца дагэтуль.

Беларускае Радыё Рацыя