Таццяна Малашчанка: Сваёй грамадзянскай пазіцыі я не зракаюся
У Баранавічах працягваецца ціск на сям’ю грамадскай дзяячкі Таццяны Малашчанкі.
Спачатку выслалі яе мужа са сталым відам на жыхарства ў Беларусі, а цяпер робяць дробныя шкоды, як, напрыклад, праколатыя колы, распавяла „Госць Рацыі” у гутарцы з Алісай Поль.
РР: Як ваш настрой? У якой сітуацыі вы знаходзіцеся?
– Зараз настрой трохі лепшы, зараз хаця б мы сталі смяяцца. Ужо знаходзім нейкія хвіліны для радасці. Быў Zoom з артыстамі Купалаўскага, з гумарыстамі, таксама смяяліся. То бок жыццё працягваецца, вясна прыйшла, неяк больш такі радасны настрой, пачуцці нейкія пачынаюць прачынацца. Муж ужо ўладкаваўся на працы больш-менш стала. Думаю, што ён у бяспецы, таму нам спакайней, нам добра.
РР: Ці можна падрабязней распавесці пра вашага мужа?
– Ён знаходзіцца ў Польшчы, Алег не падаваў на бежанства, у яго ёсць гуманітарная віза, яму зрабілі ў Маскве ў польскім консульстве. Ён змог з гэтай гуманітарнай візай уладкавацца на працу. Праца не лёгкая канешне, але дастаткова цікава.
РР: Ці засталіся ў вас магчымасці для абскарджвання гэтай высылкі?
– Яшчэ ў нас ёсць апошні варыянт, падача нагляднай скаргі. Адбыліся два пасяджэнні Баранавіцкага суда па грамадзянскай справе пра высылку. Далей я ўжо абскарджвала яго ў Берасцейскім абласным судзе, ён адбыўся 22 сакавіка. Яны толькі дадаюць старонак, было на васьмі аркушыках, стала на дзесяці. Пачуццё віны ўсё глыбейшае, усё цяжэйшае, адкуль толькі яны бяруць гэтыя віны з аднаго і таго ж. Ідзе такая аргументацыя, што маглі ж і на дзесяць год выслаць. Тры гады сыходзячы з яго статусу, што двое непаўнагадовых дзяцей, што ён сплачваў падаткі. Сыходзячы з гэтага яшчэ вельмі мяккае пакаранне, так скажам. Не ведаю ці яны хочуць нам унушыць, што гэта пакаранне сапраўды амаль і не пакаранне, быццам па галоўцы пагладзілі, а не выслалі з краіны. Пенсію яны пакінулі. Я так зразумела, што пенсіі яны не маюць права пазбавіць непаўнагадовых дзяцей і пакінуць без сродкаў.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Муж Таццяны – Алег Малашчанка быў прымусова вывезены з краіны і дэпартаваны згодна з рашэннем аддзела па грамадзянстве і міграцыі. Сам ён нарадзіўся ў Баранавічах, а расейскае грамадзянства атрымаў пасля праходжання вайсковай службы ў Расеі. Пасля службы жыў і працаваў у раённым цэнтры разам з сям’ёй.
Беларускае Радыё Рацыя