Надзея Бужан заняла ІІ месца ў сусветным конкурсе World Press Photo
Фатограф сайта „Наша Ніва” Надзея Бужан заняла другое месца ў намінацыі spot news (гарачыя навіны) у сусветным конкурсе прафесійнай фатаграфіі World Press Photo, паведамляе тэлеграм-канал выдання.
Сёлета ў конкурсе ўдзельнічала 4.315 фатографаў са 130 краін. Яны даслалі больш за 74 тыс. здымкаў.
У фінал конкурсу трапіў фотаздымак Бужан, зроблены 22 ліпеня 2020 года. На ім Вольга Севярынец — жонка сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца — з кветкамі чакае мужа пад сценамі ізалятара часовага ўтрымання ў 1-м завулку Акрэсціна ў Менску.
Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня каля свайго дома неўзабаве пасля таго, як правёў на плошчы перад Камароўскім рынкам „народны пікет свабоды і салідарнасці” побач з пікетамі па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. На наступны дзень суд Фрунзенскага раёна Менска арыштаваў яго на 15 сутак за ўдзел у адным з папярэдніх перадвыбарных пікетаў. Пазней Севярынцу былі прызначаныя адміністрацыйныя арышты за ўдзел у іншых акцыях.
22 ліпеня жонцы і маці Севярынца паведамілі, што Павел выйдзе на свабоду. Яго прыйшлі сустракаць дзясяткі людзей, аднак пазней высветлілася, што палітыка не адпусцяць. На той момант Павел ужо адбыў 45 сутак арышту, але, паводле слоў жонкі, у яго заставалася яшчэ як мінімум 30 сутак, „якія яму далі ў пачатку года за акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй”.
21 жніўня Севярынец павінен быў выйсці на волю пасля 75 сутак адміністрацыйнага арышту. Аднак напярэдадні яго жонцы патэлефанавалі са Следчага камітэта і паведамілі: у дачыненні да Паўла распачатая справа па арт. 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (затрыманне па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ва ўчыненні злачынства). Затым стала вядома, што Севярынцу выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках), ён быў затрыманы яшчэ на два месяцы.
Беларускія праваабаронцы прызналі Севярынца палітвязнем, а арганізацыя „Міжнародная амністыя” — вязнем сумлення.
Фота: nashaniva