Вызначыліся ўсе паўфіналісты футбольнай Лігі Еўропы
Пасля матчаў у адказ чвэрцьфінальных паядынкаў вызначыліся ўсе ўдзельнікі паўфінальнай стадыі футбольнай Лігі Еўропы.
Лонданскі „Арсенал” пасля нічыі ў брытанскай сталіцы з пражскай „Славіяй” 1:1 разграміў чэшскую каманду на яе полі з лікам 4:0. У паўфінале „Арсенал” сустрэнецца з іспанскім „Вільярэалам”, які ў 1/4 фіналу двойчы абыграў харвацкі клуб „Дынама” з Заграба – 1:0 (у гасцях) і 2: 1 на хатняй арэне.
Англійскі „Манчэстар Юнайтэд” следам за гасцявой вікторыяй над іспанскай „Гранадай” – 2:0, перамог з такім жа лікам і ў хатнім паядынку. Яго супернікам у барацьбе за выхад у фінал будзе італьянская „Рома”, якая адолела па суме дзвюх сустрэч амстэрдамскі „Аякс” – 2:1 (у гасцях) і 1:1 напярэдадні на хатняй арэне.
Першыя паўфінальныя сустрэчы адбудуцца 29 красавіка, матчы ў адказ – 6 траўня. Вырашальны паядынак Лігі Еўропы пройдзе 26 траўня ў польскім Гданьску.
Валейбалісткі „Менчанкі” умацавалі лідарства ў фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі
Валейбалісткі „Менчанкі” абыгралі берасцейскае „Прыбужжа” з лікам 3:0 і ўмацавалі лідарства ў фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі.
На гэты раз берасцеек хапіла толькі на пачатак стартавай партыі. Яны, надзейна згуляўшы ад абароны, не дазволілі суперніцам адарвацца на камфортную адлегласць. Аднак паступова сталічная дружына ў другой партыі не дазволіла „Прыбужжу” набраць нават дзесяці ачкоў. У трэцім сэце падначаленыя Наталлі Мелянюк спрабавалі вярнуцца ў гульню, але безвынікова.Самай выніковай у шэрагах „Менчанкі” стала Маргарыта Сцепаненка, якая набрала 18 ачкоў. Лік у серыі да трох перамог стаў 2: 0 на карысць „Менчанкі”. Наступны матч каманды правядуць заўтра ў сталіцы.
Омскі „Авангард” выйшаў у фінал Кубка Гагарына
Омскі „Авангард” перамог у вырашальным, сёмым, матчы паўфінальнай серыі казанскі „АК Барс” у авертайме з лікам 4:3 і выйшаў у вырашальную стадыю Кубка Гагарына.
У складзе омскай дружыны на лёд выходзілі беларускія гульцы Кірыл Гатавец і Андрэй Стась. За казанскі клуб выступаў Крысціян Хенкель. Аднак яны балаў у дадзеным паядынку не набралі.
Супернікам „Авангарда” у фінале будзе ЦСКА, якому ў шасціматчавай серыі ўдалося зламіць супраціў піцерскага СКА. Першы матч серыі ў спрэчцы за ганаровы трафей каманды правядуць 18 красавіка ў Маскве.
Гран-пры Канады будзе адменены з-за каранавіруса другі год запар
Этап чэмпіянату „Формулы-1” Гран-пры Канады, запланаваны на 11-13 чэрвеня, будзе адменены з-за пандэміі каранавіруса. Раней паведамлялася, што органы аховы здароўя Квебека гатовыя дазволіць правядзенне этапу „Ф-1” у Манрэалі без гледачоў пры выкананні пэўных умоў у сувязі з пандэміяй каранавіруса.
Прадстаўнікі аховы здароўя Манрэаля прыйшлі да высновы, што нават пры пустых трыбунах рызыка распаўсюду COVID-19 занадта высокая.
Кантракт арганізатараў Гран-пры Канады прадугледжвае правядзенне гонкі да 2029 года, таму ўлады Квебека асцерагаюцца, што чарговая адмена спаборніцтваў будзе лічыцца парушэннем пагаднення.
Беларускае Радыё Рацыя