Агляд прэсы: iм iмя – легiён



Беларусь як новы фронт у вайне Пуціна супраць Украіны. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

Амерыканскае выданне Atlantic Council паведамляе, што Расея – не адзіная краіна, якая збірае войскі на мяжы Украіны.

«У дадатак да вялікага расейскага нарошчвання, якое прыцягнула ўвагу свету за апошнія тыдні, у пачатку гэтага месяца з’явіліся паведамленні пра тое, што Беларусь таксама размяшчае сілы і ваенную тэхніку на сваёй украінскай мяжы па ўзгадненні з Масквой», – піша амерыканскае выданне і спасылацца на фотафіксацыю бронетэхнікі БТР-80, вайсковых грузавікоў і іншай буйной беларускай ваеннай тэхнікі, якія рухаліся на поўдзень праз Беларусь прыблізна ў 60 кіламетрах ад мяжы краіны з Украінай.

Да таго ж Расея і Беларусь запланавалі рэкордную колькасць ваенных вучэнняў на гэты год, якія завершацца масавымі мерапрыемствамі «Захад-2021» у верасні. У выніку вучэнняў адбываецца пастаянная ратацыя сіл, якая стварае фактычна пастаянную расейскую ваенную прысутнасць у Беларусі.

«Беларусь знаходзіцца пад уплывам Расейскай Федэрацыі, і да гэтай тэрыторыі ва Украіны няма даверу», – піша Atlantic Council. – «Лукашэнку не хапае народнай падтрымкі, ён фактычна і, мабыць, з энтузіязмам ператварыў сваю краіну ў другі фронт у вайне Пуціна супраць Украіны».

 

Гішпанія аддае даніну памяці Другой Рэспубліцы, якая была абвешчана 14 красавіка 1931 года. У часы Другой Рэспублікі ў краіне ўпершыню, хоць і ненадоўга, былі ўведзеныя дэмакратычныя правы, Гішпанію ахапіў агонь грамадзянскай вайны, якая, у сваю чаргу, прывяла да дыктатуры генерала Франка, якая праіснавала многія дзесяцігоддзі.

Як заявіў прэм’ер-міністр Гішпаніі Пэдра Санчэс: вопыт Другой Рэспублікі з’яўляецца адным з асноватворных слупоў цяперашняй гішпанскай дэмакратыі разам з канстытуцыяй 1978 года і ўступленнем у ЕЗ. На думку гішпанскай газеты ABC, гэта велізарнае перабольшванне:

«Падобнае гіпербалічнае ўсхваленне Рэспублікі ў корані памылкова. Сацыялісты ў чарговы раз уздымаюць гэты перыяд як нейкі палітычны поспех, хоць скончыўся ён вельмі трагічна, паколькі і левыя, і правыя парушалі законы Рэспублікі. Без сапраўдных дэмакратаў не ўсталяваць рэальнай дэмакратыі – менавіта ў гэтым і быў першародны грэх сістэмы, народжанай у красавіку 1931 года», – падсумоўвае гішпанскае выданне.

 

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн пераносіць канчатковы вывад амерыканскіх войскаў з Афганістана на больш позні час. Яго папярэднік Трамп дамовіўся з Талібанам аб вывадзе войскаў на 1 траўня 2021 года. Байдэн перанёс вывад кантынгенту на 11 верасня – 20-ю гадавіну тэрактаў у Нью-Ёрку і Вашынгтоне. Дата сімвалічная, але пры гэтым, як піша прэса, яна не ў стане прыхаваць паразу, якую Захад пацярпеў у Афганістане.

«У выніку няўдачы ЗША і НАТО краіна аказваецца аддадзенай на водкуп Талібана», – наракае французская газета Le Figaro:

«Пазбавіўшыся ад заходніх сіл, талібы хутка паставяць краіну пад свой кантроль, а правы чалавека, у асаблівасці правы жанчын, ізноў павяртаюцца на ўзровень каменнага веку. Гэта таксама і наша параза, параза НАТО, пад сцягам якой Францыя задзейнічала да 4000 салдат да таго часу, пакуль у 2012 годзе не вывела свой воінскі кантынгент. Гэта паражэнне справакуе наступную вайну ў Афганістане: грамадзянскую вайну паміж мясцовымі кіраўнікамі, якія ўжо мабілізавалі свае асабістыя арміі, а таксама антытэрарыстычную вайну з выкарыстаннем дыстанцыйна кіруемых дронаў. Як паказаў вывад войскаў з Ірака ў 2012 годзе, у рэгіёне немагчымы вакуўм. Падобна на тое, што, прынамсі, хоць бы на нейкі час Захад пазбавіўся ад наіўнай мары аб экспарце дэмакратыі», – падсумоўвае французскае выданне.

 

У аўторак пачаўся святы для мусульман усяго свету месяц Рамадан. Дарослым і здаровым вернікам рэкамендуецца выконваць пост і нічога не есці і не піць ад усходу да заходу. З прычыны пандэміі сумеснае разгаўленне прыйдзецца па большай частцы адмяніць і ў гэтым годзе. Затое, як адзначае прэса, ва ўмовах лакдаўна ў вернікаў з’яўляецца куды больш часу для разважанняў і ўнутранага сузірання.

«Пачатак Рамадану выпаў на вельмі ўдалы момант», – піша брытанская газета The Guardian:

«У той час як розныя рэгіёны краіны пачынаюць адмяняць абмежаванні, пачынаецца святы месяц Рамадан, які патрабуе ад вернікаў дысцыплінаванасці і стрыманасці і ставіць у аснову пачуццё агульнасці і гатоўнасці дапамагчы бліжняму. За апошнія дзесяцігоддзі рэлігія зусім выйшла з моды, аднак ва ўмовах лакдаўна ў многіх з нас з’явіўся час сур’ёзна падумаць над асноватворнымі пытаннямі быцця. У чым сэнс жыцця і як стаць шчаслівымі ды дабрадзейнымі?», – задаецца пытаннем брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя