Зяленскі: Беларусы заслугоўваюць іншай сучаснасці і будучыні
Беларусы заслугоўваюць іншай сучаснасці і будучыні, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю французскай газеце Le Figaro.
Беларускую тэму кіраўнік дзяржавы закрануў, адказваючы на пытанне, якія еўрапейскія краіны лепш за ўсё разумеюць Украіну. „Нас вельмі добра разумеюць краіны, якія ў савецкія часы былі рэспублікамі. Гэта краіны Балтыі. Яны вельмі добра разумеюць. Я думаю, нас выдатна разумее Беларусь. Ведаю, як яны вельмі добра да нас ставяцца, як моладзь да нас ставіцца — яны прыязджаюць, яны вельмі любяць нас. Я лічу, што яны заслугоўваюць іншай будучыні, іншай сучаснасці нават”, — сказаў Зяленскі.
Раней прэзідэнт Украіны заклікаў беларускія ўлады правесці новыя прэзідэнцкія выбары.
„Уладам трэба прыслухоўвацца да людзей. І, што больш важна, нельга наладзіць дыялог, кідаючы людзей у аўтазакі за тое, што ў іх іншае меркаванне, выкарыстоўваючы дубінкі або спецыяльныя сродкі. Людзей трэба чуць. Калі людзі хочуць перамен, значыць, прыйшоў час для перамен”, — заявіў Зяленскі ў кастрычніку мінулага года ў інтэрв’ю еўрапейскай рэдакцыі амерыканскага выдання Politico.