Лукашэнка плануе сустрэцца з Пуціным 22 красавіка ў Маскве
Аляксандр Лукашэнка плануе сустрэцца з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным 22 красавіка ў Маскве. Пра гэта ён заявіў 16 красавіка ў Менску на сустрэчы з прэм’ер-міністрам РФ Міхаілам Мішусціным, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
„Гэта першае такое мерапрыемства. Мы ўчора з Пуціным дамовіліся аб нашым графіку працы па многіх пытаннях. Дзесьці ў канцы красавіка, хутчэй за ўсё 22-га, мы сустрэнемся ў Маскве з прэзідэнтам. Гэта будзе такая сур’ёзная сустрэча па абмеркаванні тых ці іншых праблем”, — сказаў ён.
16 красавіка Беларусь наведвае расейская ўрадавая дэлегацыя на чале з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мішусціным. У яго запланаваныя сустрэчы з Лукашэнкам і прэм’ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам.
15 красавіка адбылася тэлефонная размова Лукашэнкі з Пуціным. Паводле інфармацыі прэс-службы Лукашэнкі, былі абмеркаваныя беларуска-расейскія стасункі. Суразмоўцы таксама абмяняліся думкамі па пытаннях міжнароднага парадку дня, абмеркавалі графік будучых сустрэч і „больш падрабязна спыніліся на актуальных пытаннях супрацоўніцтва” напярэдадні візіту расейскай дэлегацыі.
Прэс-служба Крамля ў сваю чаргу паведаміла, што Лукашэнка і Пуцін разгледзелі „некаторыя важныя пытанні двухбаковага парадку дня”. Суразмоўцы выказалі „ўзаемны настрой на далейшае ўсебаковае ўмацаванне расейска-беларускіх саюзніцкіх адносін”. „У кантэксце толькі што праведзенага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Азербайджан закранутая таксама тэма нагорнакарабахскага ўрэгулявання. Умоўлена пра працяг кантактаў на розных роўнях”, — гаварылася ў паведамленні.
Фота: DW