Палітвязень Анджэй Пачобут сустракае дзень народзінаў за кратамі



Сёння свае 48-годдзе за кратамі сустракае журналіст і грамадскі актывіст Анджэй Пачобут.

Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка ў Гародні пасля доўгага ператрусу ў сваім доме. Яго даставілі ў Цэнтральны апарат Следчага камітэту ў Менску, дзе адбыўся допыт. Анджэя пакінулі пад вартай у СІЗА-1 на Валадарскага ў статусе падазраванага па крымінальнай справе па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу (здзяйсненне групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці, і здзяйснення наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму).

Да гэтага часу ён не змог сустрэцца са сваёй жонкай. Сваякі перадаюць яму праз турэмную службу пасылкі з ежай і прадметамі першай неабходнасці.

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Анджэя Пачобута палітвязнем. Варта адзначыць, што ён раней ужо быў палітычным зняволеным. Гарадзенская абласная пракуратура пачала супраць яго крымінальную справу за абразу і паклёп на прэзідэнта Беларусі. Судовы працэс быў закрытым. 5 ліпеня 2011 года суддзя Ленінскага раённага суда Гародні Віталь Ляцко асудзіў яго на тры гады пазбаўлення волі за паклёп на прэзідэнта з адтэрміноўкай на два гады. Па артыкуле, які тычыўся абразы прэзідэнта, журналіст быў апраўданы. Яго вызвалілі ў зале суда.

Адрас для лістоў: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Андрэю Станіслававічу Пачобуту.

novychas.by

Фота з фэйсбука