Крэмль заявіў, што не ведае пра затрыманне ў Маскве Фядуты і Зянковіча
Крэмль не мае ніякай інфармацыі пра беларускіх грамадзян — юрыста Юрыя Зянковіча і літаратуразнаўцу Аляксандра Фядуту, заявіў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў.
„На жаль, ніяк не магу пракаментаваць — гэтыя людзі не маюць да Адміністрацыі прэзідэнта, да Крамля ніякага дачынення”, — прыводзіць ТАСС словы Пяскова. Па пытаннях працы спецслужбаў ён рэкамендаваў звярнуцца ў самі спецслужбы.
Некалькі дзён таму са слоў сваякоў стала вядома, што ў Маскве затрыманыя Аляксандр Фядута і Юрый Зянковіч. Абодва апынуліся ў СІЗА КДБ у Менску. Затрыманне Фядуты „па непасрэдна ўзніклым падазрэнні” пацвердзіла прэс-служба КДБ. Пра затрыманне Зянковіча расказала яго жонка са слоў дзяржаўнага адваката. Адначасова з імі затрымалі і пасадзілі ў СІЗА КДБ старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. У чым падазраюць затрыманых, дагэтуль невядома.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: regnum.ru