Макей сустрэўся з пасламі Францыі і Германіі



Палітычная сітуацыя ў Беларусі і „некаторыя пытанні міжнароднай палітыкі” абмеркаваны 16 красавіка ў Мінску на сустрэчы паслоў Германіі Манфрэда Хутэрэра і Францыі Нікаля дэ Лакоста з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем, паведаміла прэс-служба французскага дыппрадстаўніцтва.

„Паслы выказалі занепакоенасць урадаў сваіх дзяржаў з нагоды сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і нагадалі аб пазіцыі ЕЗ пра немагчымасць нармалізацыі адносін да таго часу, пакуль не будзе пакладзены канец сілавым дзеянням, накіраваным супраць мірных дэманстрантаў, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітычныя зняволеныя і не будзе пачаты шырокі ўсебаковы палітычны дыялог і, як вынік, праведзеныя новыя прэзідэнцкія выбары”, — адзначаецца ў прэс-рэлізе па выніках перамоў.

Прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства паведаміла, што Макей „праінфармаваў суразмоўцаў аб ходзе канстытуцыйнага працэсу, які ідзе ў Беларусі, і аб іншых пытаннях развіцця сітуацыі ўнутры краіны. Прадметна пацверджанае захаванне падыходаў і прынцыпаў, на якіх Беларусь гатовая выбудоўваць узаемадзеянне з заходнімі партнёрамі”. Пацверджаная „ўзаемная зацікаўленасць бакоў у захаванні каналаў камунікацыі, працягу рабочых кантактаў і падтрыманні дыялогу”.

Францыя і Германія актыўна выступаюць за шырокі дыялог улады і дэмакратычных сіл Беларусі пры пасрэдніцтве АБСЕ для правядзення новых выбараў. Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон і канцлер ФРГ Ангела Меркель сустракаліся з беларускім дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай. Беларускія ўлады адмаўляюцца ад такіх перамоў.

belapan.by