Валер Карбалевіч: Мішусцін прыехаў дзеля „прымушэння да інтэграцыі”
„Візіт прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Мішусціна ў Беларусь варта лічыць знакавым”, – піша ў сваім тэлеграм-канале палітолаг Валер Карбалевіч. – Ён азначае вяртанне Расеі да стратэгіі «прымушэння да інтэграцыі».
Новая стратэгія Крамля адносна Беларусі была абвешчаная ў снежні 2018 году. Яна палягае ў тым, што Расея гатовая працягваць эканамічныя субсідыі Беларусі толькі ў абмен на гатоўнасць апошняй пагадзіцца на ўніфікацыю макраэканамічнай палітыкі і эканамічнага заканадаўства.
Тады Лукашэнка нібыта пагадзіўся, аднак пачаў спускаць гэты праект на тармазах. Увесь 2019 год ішло абмеркаваньне так званых «дарожных мап» інтэграцыі. Аднак усё гэта нічым ня скончылася. Бо было зразумела, што любы новы крок на шляху інтэграцыі азначае крок па скарачэнні беларускага суверэнітэту.
Цяпер Расея вырашыла вярнуцца да гэтай тэмы. Масква разлічвае скарыстацца пэўнай уразлівасцю Лукашэнкі, каб рэалізаваць стратэгію «прымушэння да інтэграцыі».
У Крамлі правільна разлічылі, што палітычны землятрус мінулага году ў Беларусі зрабіў Лукашэнку слабейшым, ён цяпер мацней залежыць ад расейскай палітычнай падтрымкі.
Дый эканамічная сітуацыя ў краіне пагоршылася, Менску моцна патрэбныя новыя крэдыты. І іх цяпер ніхто ня можа даць, акрамя Масквы.
Выглядае, усе развагі пра тое, што Лукашэнка стаў для Масквы таксічнай фігурай, што з ім ніхто ня хоча падпісваць важныя дамовы, бо ён, маўляў, нелегітымны, — гэта ўсё размовы для бедных. Пуцін вытрымаў паўгадавую паўзу, убачыў, што беларускі рэжым узяў сітуацыю пад кантроль, і пачынае новы раўнд інтэграцыйнай гульні.
Справа ў тым, што, паводле палітычнай філасофіі Пуціна, дэмакратычная легітымнасць — гэта нейкая заходняя хімера, дэкаратыўная цацка. Галоўнае, каб валадар дзяржавы меў сілу ўтрымаць уладу.
Палітычныя рэжымы ў Сірыі ці М’янме яшчэ менш легітымныя, чым у Беларусі. Аднак Масква іх падтрымлівае. Логіка Крамля іншая. Чым менш рэжым легітымны, тым больш ён будзе залежны ад Расеі.
Таму падчас перамоваў у Сочы 22 лютага, гледзячы па ўсім, Пуцін і Лукашэнка дамовіліся, што 3 млрд даляраў Беларусь атрымае толькі пасля падпісаньня ўсіх «дарожных мапаў». Прэм’ер Мішусцін прыехаў у Менск узгадняць найбольш важныя на цяперашні момант «мапы» аб уніфікацыі падатковага і мытнага заканадаўства.
Усё пытанне ў тым, на што гатовы пайсці Лукашэнка дзеля атрымання расейскай палітычнай падтрымкі і грошай. Бо ў працэсе рэалізацыі ідэі ўніфікацыі эканамічнай палітыкі і заканадаўства непазбежна ўзнікнуць сур’ёзныя праблемы. Таму што ў Беларусі і Расеі вельмі розныя эканамічныя сістэмы, з розным маштабам, структурай, мадэльлю гаспадарання. Іх цяжка, нават шкодна падводзіць пад адну роўніцу. Напрыклад, у Беларусі і Расеі розныя крыніцы напаўнення бюджэту. І ўніфікацыя падатковага, мытнага заканадаўства адразу створыць праблемы, прычым перш за ўсё Беларусі — як значна меншай краіне.
Пры гэтым варта разумець, што ўніфікацыя заканадаўства і эканамічнай палітыкі будзе ісці ў асноўным па расейскіх правілах. Цяжка ўявіць, што Расея будзе падстройвацца пад Беларусь. А пасля такой уніфікацыі паўстане пытанне аб стварэнні наднацыянальных органаў, напрыклад, агульнага мытнага камітэту ці падатковага міністэрства. З усімі наступствамі для сувэрэнітэту краіны, якія адсюль вынікаюць.