У Гальшанах адкрыюць адноўленую замкавую вежу



6 траўня адбудзецца адкрыццё адноўленай вежы Гальшанскага замку. Тры паверхі і падвальнае памяшканне ўжо амаль гатовыя для наведвання, паведамляе тэлеграм-канал «Сцежкі Беларусі».

Цэнтральнае месца на адным з узроўняў вежы займае камін, адноўлены па тэхналогіі 17 ст. Упрыгожванне яго выканана з дапамогай вышэйшай якасці тынкоўкі – якая пасля застывання набывае звышмоцнасць. У яе складзе – гіпс, мармуровая пудра, пясок і клей.

Таксама ў некаторых памяшканнях зроблены роспіс частак столі і сцен. У некалькіх месцах зроблены зандаж – для таго, каб наведвальнік убачыў аўтэнтычную цэглу, з якой будаваўся замак.

На трэцім паверсе, апошнім, створана аглядная пляцоўка, з якой можна будзе ўбачыць від на замак, касцёл і мястэчка з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў, устаноўленых там.

Каля муроў замка гасцей чакае тэатралізаванае прадстаўленне артыстаў. Будуць арганізаваныя майстар-класы па ганчарнай справе, разьбе па дрэве, вышыўцы, рыцарскі турнір, майстар-клас па сярэднявечных танцах і інш.

Фота: t.me/tropinki