Журналіст Аляксандар Алесін застаецца пад следствам (абноўлена)



Аляксандар Алесін па-ранейшаму застаецца абвінавачаным па крымінальнай справе аб супрацоўніцтве з замежнымі спецслужбамі.

З-за гэтага вядомы беларускі журналіст і вайсковы эксперт вымушаны адмовіцца ад запрашэння на мерапрыемствы Усходняга партнёрства ў Рызе.

Журналіст, які у снежні мінулага года два тыдні правёў у турме КДБ, а потым быў вызвалены пад падпіску, спадзяваўся на закрыццё ўласнай справы. Аднак следчыя па-ранейшаму выклікаюць яго на допыты.

 – Выклікаюць усё радзей, следчыя дзеянні носяць, як я разумею, больш фармальны характар: удакладняюцца дэталі, якія ўжо ўдакладняліся. На мае пытанні, як доўга гэта будзе працягвацца, мне было адказана, што ўсё будзе ў прававым полі, па законе яны маюць права працягнуць маё знаходжанне пад следствам да года. Я спадзяваўся, што неяк амністыя паўплывае да Дня перамогі, але пакуль што мне нічога невядома на гэты конт. Пакуль я знаходжуся пад следствам. 

Вайсковага эксперта, аглядальніка штотыднёвіка «Белорусы и рынок» Аляксандра Алесіна затрымалі беларускія спецслужбы 25 лістапада.

Пра гэта стала вядома толькі на пачатку снежня, але ні прычын затрымання, ні месцазнаходжання журналіста КДБ не паведамляла.

10 снежня Алесіна вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Журналіст паведаміў, што абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве з яго знялі і цяпер абвінавачваюць ў супрацы з замежнай спецслужбай.

* * *

Следства па справе, у якой фігуруе беларускі вайсковы эксперт Аляксандр Алесін, працягваецца. Пры канцы лістападу журналісту прад’явілі абвінавачванне паводле артыкулаў «Здрада дзяржаве» і «Выдача дзяржаўнай таямніцы замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці прадстаўніку, альбо шпіянаж». Пасля 15-дзённага знаходжання ў СІЗА КДБ, эканамічнага аглядальніка выдання “Беларусы і Рынак” выпусцілі пад падпіску пра нявыезд. Сам Аляксандр Алесін адзначае, што следчыя дзеянні па-ранейшаму працягваюцца:

– Я знаходжуся пад падпіскай не разгалошвання, але я лічу, што справа рухаецца ў пазітыўным для мяне кірунку, і я спадзяюся, што ў тэрміны, прадугледжаныя заканадаўствам, я буду, тым ці іншым спосабам, вызвалены ад адказнасці.

Аляксандр Алесін не з’яўляецца асноўным фігурантам справы. Разам з ім у справе фігуруе дыпламат адной з краін. Тэрмін следчых дзеянняў мае завершыцца пры канцы траўня.

Беларускае Радыё Рацыя