У першым квартале ў Беларусі знізіўся аб’ём грузаперавозак
У студзені—сакавіку 2021 года арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі перавезлі 84 млн 570,7 тыс. тон грузаў — на 5,8% менш, чым за студзень—сакавік 2020 года, вынікае са звестак Белстата.
Грузаабарот транспарту склаў 28,8 млрд тона-кіламетраў (на 1% менш).
Перавозкі грузаў чыгуначным транспартам у студзені—сакавіку гэтага года выраслі на 2,8% да 29 млн 331,3 тыс. тон. Трубаправодным транспартам перамешчана грузаў на 0,9% больш (26 млн 882,7 тыс. тон), аўтамабільным — на 17% менш (28 млн 341,86 тыс. тон). Перавозкі паветраным грузавым транспартам павялічыліся на 61,4% (10,8 тыс. тон).
Пасажырскія перавозкі ў студзені—сакавіку 2021 года да студзеня—сакавіка 2020-га знізіліся на 18,1% і склалі 389,6 млн чалавек.
Перавозкі чыгуначным транспартам зменшыліся на 21,2% да 12,3 млн чалавек, аўтобусамі — на 16,7% да 240,7 млн, гарадскім электрычным транспартам і метрапалітэнам — на 20,1% да 136,3 млн, паветраным транспартам — на 59,6% да 0,3 млн чалавек.