Агляд прэсы: 1984



Лукашэнка прымусіў СМІ свету абмяркоўваць, ці сапраўды на яго рыхтаваўся замах. Як праблема Афганістана адаб’ецца на Еўропе? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашка.

«Безумоўна, пакуль цяжка казаць пра тое, ці з’яўляецца ідэя перавароту і забойства Лукашэнка рэальнай ініцыятывай беларускай апазіцыі, альбо гаворка ідзе пра правакаванне яе прадстаўнікоў з боку завербаваных супрацоўнікаў спецслужбаў», – адзначае украінскае выданне Страна.ua і праводзіць паралель з гісторыяй абвінавачвання Надзеі Саўчанка ў падрыхтоўцы ваеннага перавароту ў 2018 годзе. Тады, па адной з версій, на гэтую размову яе справакавалі ўкраінскія ваенныя, завербаваныя СБУ, якія пасля і запісалі ўсю размову.

“Але так ці інакш гісторыя занадта гучная, каб застацца без наступстваў. Перш за ўсё, напэўна, яны будуць тычыцца яшчэ большага ўзмацнення жорсткасці адносінаў беларускі уладаў да апазіцыі”, – піша Страна.ua.

Выданне акцэнтуе ўвагу на дзвюх знакавых тэмах ў заявах Лукашэнкі і ФСБ. Першая: прэзідэнт Беларусі з упэўненасцю кажа пра дачыненне да замаху спецслужбаў ЗША (ФСБ дадае яшчэ і пра Польшчу), а таксама вышэйшага кіраўніцтва Амерыкі.

Другая: у заяве ФСБ гаворыцца пра тое, што да падрыхтоўкі дзяржаўнага перавароту датычныя нейкія «ўкраінскія нацыяналісты». «А гэта можа яшчэ больш узмацніць напружанасць у адносінах паміж Беларуссю і Украінай», – рэзюмуе ўкраінскае выданне.

 

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн пераносіць канчатковы вывад амерыканскіх войскаў з Афганістана на больш позні час. Яго папярэднік Трамп дамовіўся з Талібанам аб вывадзе войскаў на 1 траўня 2021 года. Байдэн перанёс вывад кантынгенту на 11 верасня – 20-ю гадавіну тэрактаў у Нью-Ёрку і Вашынгтоне. Прэса заклікае не кідаць Афрганістан на волю лёсу.

«Страта кантролю над сітуацыяй у Афганістане наўпрост адаб’ецца і на Еўропе», – папярэджвае гішпанская газета El País.

«Калі салдаты вернуцца дадому, з боку Захаду было б сур’ёзнай памылкай наўпрост забыцца пра Афганістан. Калі ў краіне разгарыцца новая грамадзянская вайна, яна абавязкова прывядзе да новых хваляў міграцыі, якія закрануць як суседнія з Афганістанам краіны, так і Еўропу. Прынамсі, у 2019 годзе, да пачатку пандэміі, лік афганцаў, якія нелегальна заехалі ў Еўропу, перавышаў колькасць сірыйцаў. Калі талібы зноў запануюць, ўзрасце і небяспека таго, што гэтая азіяцкая краіна зноў ператворыцца ў прыстанак для тэрарыстаў», – засцерагае гішпанскае выданне.

 

«Вірус ахапіў увесь свет. Ці сапраўды ён перадаўся чалавеку натуральным шляхам? Ці ж «уцёк» з сакрэтнай лабараторыі ва Ухані?», – задаецца пытаннем швейцарскае выданне Neue Zürcher Zeitung.

Выданне прыводзіць 10-гадовы шлях кітайскіх навукоўцаў па пошуку вірусу, які быў знойдзены ў пячоры непадалёк ад Куньміна ва узорах фекаліяў кажаноў з роду падкованосаў.

«За многія гады пошуку паходжання віруса SARS у Кітаі сабралася велізарная калекцыя каронавірусаў. З некаторымі з іх праводзяцца эксперыменты: два вірусы аб’ядноўваюць у гібрыд, ствараючы такім чынам штучныя патагены. Так даследчыкі спадзяюцца атрымаць перавагу ў распрацоўцы вакцын або лекаў у выпадку ўзнікнення новага вірусу», – падкрэслівае Neue Zürcher Zeitung.

«Аднак вынікі даследаванняў паказваюць, што ні адзін з вірусаў з вызначаных лабараторый не супадае з тым, што быў знойдзены ў пацыентаў у шпіталях Уханя – гэта значыць вірус быццам быў родам не з яе лабараторыі», – гаворыцца ў артыкуле.

«З іншага боку цяпер ужо вядома, што ўсё ж маецца вірус, выяўлены ў 2013 годзе, які на 96,2% ідэнтычны новаму каронавірусу з Уханя. І ён па сённяшні дзень з’яўляецца самым блізкім сваяком SARS-CoV-2».

«Напачатку года, пасля некалькіх месяцаў жорсткіх перамоваў з Кітаем, у інспекцыйную паездку ва Ухань адправілася даследчая група СААЗ», – нагадвае Neue Zürcher Zeitung. Туды не ўвайшлі прапанаваныя кандыдаты ад ЗША, таму міжнародная лекарская супольнасць указвае на недахопы заключнага дакладу СААЗ. Швейцарскае выданне не выключае магчымасць аварыі ў лабараторыі ва Ўхані, што і прывяло да пандэміі каронавірусу ў свеце.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя