Цела шукалі і не знайшлі
Красавік 2021 года.
Некалькі дзён у Воршы у Дняпры шукалі цела жанчыны.
Цела шукалі і не знайшлі,
Прывезлі адмысловы кацер, абсталяванне. Шмат людзей былі задзейнічаны ў пошуках.
Жанчына 1968 года нараджэння. Ноччу з 11 на 12 красавіка выйшла з дому і не вярнулася.
Адзенне знайшлі на мосце праз Дняпро, які каля Кабыляцкай гары.
Тыя, хто ведаў яе, кажуць, што ў яе памёр сын 30 гадоў, што яна часта стаяла курыла каля крамы „Ніць” на вуліцы Караткевіча, дзе працавала, што перад знікненнем хадзіла на магілу бацькі на могілках у Ларынаўўцы, што каля таго самага маста, на магіле бацькі пакінула кветкі. Кажуць, што не магла знайсці супакою.
Ёсць версія, што яна магла прывязаць да сябе нешта цяжкое.
Гляджу на ваду ў Дняпры, які разліўся. Вада блішчыць на сонцы.
На беразе шмат людзей, з дзецьмі, з сабакамі.
Думаю, столькі людзей займаліся пошукам цела, чаму людзям не дапамагаюць пры жыцці?
Калі людзі знікаюць, я ўяўляю, што яны пачалі іншае жыццё ў іншым лепшым месцы.
Яшчэ думаю, што калі быць ўважлівымі да блізкіх, ім можна дапамагчы ў цяжкія часы.