Менск абарваў усе перспектывы хоць бы нармалізацыі адносін з ЗША
Вашынгтон не толькі верне санкцыі супраць Беларусі, але і будзе іх паслядоўна рабіць больш жорсткімі, мяркуе палітолаг Арсень Сівіцкі.
ЗША гатовыя з 26 красавіка 2021 года аднавіць раней адмененыя аднабаковыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў. У спісе іх сем: ААТ «Белшына», «Гродна Азот», «Гродна Хімвалакно», «Лакафарба», «Нафтан», «Полацк-Шкловалакно», «Беларускі нафтавы гандлёвы дом». 12 красавіка стала вядома пра затрыманне ў Маскве юрыста Юрыя Зянковіча, які мае беларускае і амерыканскае грамадзянства. Гэты факт абмяркоўваўся як вяртанне афіцыйнага Менска да гандлю палітвязнямі — затрыманне амерыканскага грамадзяніна, маўляў, будзе дадатковым элементам гандлю або ціску ў адказ беларускіх уладаў. Аднак падзеі мінулай суботы ставяць пад сумнеў хоць нейкі дыялог Менска і Вашынгтона наогул. Нагадаем, 17 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў пра затрыманне групы, якая планавала замах на яго і яго дзяцей, і звязаў яе са спецслужбамі ЗША. Федэральная служба бяспекі Расеі ў той жа дзень выступіла з заявай, у якой сцвярджае, што затрыманыя ў Маскве беларускі палітолаг Аляксандр Фядута і амерыканскі адвакат беларускага паходжання Юрый Зянковіч планавалі ваенны пераварот у Беларусі.
Як адзначае ў інтэрв’ю Thinktanks.by кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі, пасля суботніх заяў у выпадку з затрыманнем Юрыя Зянковіча ўжо не столькі важны той факт, што ён з’яўляецца амерыканскім грамадзянінам, «важныя прамыя абвінавачванні кіраўніцтва ЗША ў падрыхтоўцы аперацыі па ліквідацыі кіраўніка беларускай дзяржавы». «Відавочна, што такія жорсткія заявы з боку афіцыйнага Менска толькі ўскладняюць і так дастаткова сур’ёзна пагоршаныя адносіны. Па сутнасці, словы і дзеянні Лукашэнкі не пакідаюць Злучаным Штатам ніякага іншага выбару, акрамя як сапраўды разглядаць санкцыі ў якасці свайго асноўнага інструмента выбудоўвання стасункаў з афіцыйным Мінскам, — падкрэсліў Арсень Сівіцкі. — Я мяркую, што з 26 красавіка Злучаныя Штаты будуць паступальна вяртаць санкцыйны рэжым, які дзейнічаў да 2015 года і потым быў замарожаны, а пасля гэтыя санкцыі зробяць больш жорсткім».
Палітолаг таксама адзначыў, што ў цэлым Вашынгтон дэ-факта прызнае, што Беларусь уваходзіць у зону геапалітычнага ўплыву Расеі. «У прыватнасці, у адным з апошніх дакладаў дырэктара нацыянальнай выведкі ЗША ўказваецца, што ў выпадку калі Крэмль захоча ўвесці войскі ў Беларусь, то ён гэта зробіць без якіх-небудзь перашкод. У дакладзе не праглядаецца асаблівага жадання Вашынгтона супрацьстаяць рэалізацыі гэтай задумы», — сказаў Арсень Сівіцкі. «Такім чынам атрымліваецца, што напярэдадні перамоваў паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным, якія прызначаныя на 22 красавіка, Менск радыкальна пагоршыў свае перамоўныя пазіцыі, абарваўшы якія-небудзь перспектывы нават калі не нармалізацыі адносін са Злучанымі Штатамі, то хаця б падтрымання нейкага прагматычнага дыялогу. І не выключана, што да гэтай аператыўнай камбінацыі, вынікі якой нам прадэманстравала дзяржаўнае тэлебачанне, мае непасрэднае дачыненне расейскі бок, мэта якога заключалася ў тым, каб пераканаць Аляксандра Лукашэнку ў падрыхтоўцы перавароту Злучанымі Штатамі — і ў выніку паспрыяць яшчэ большаму пагаршэнню двухбаковых адносін Вашынгтона і Менска», — падкрэсліў палітолаг.
На думку Арсеня Сівіцкага, Масква мела на мэце «выставіць сябе выратавальнікам Лукашэнкі і паставіць яго ў яшчэ больш залежнае становішча, каб такім чынам дамагчыся ад яго яшчэ большых саступак, якія могуць быць звязаныя як з параметрамі будучага транзіту ўлады ў Беларусі, так і з паглыбленнем інтэграцыі, перш за ўсё, вядома, у ваенна-палітычнай сферы». «Аднак тут таксама існуе пэўная доля невядомасці. Справа ў тым, што паведле Акту аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі, які быў прыняты Кангрэсам ЗША яшчэ ў мінулым годзе і падпісаны прэзідэнтам Дональдам Трампам, любыя працэсы інтэграцыі, якія будуць адбывацца ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года, не будуць лічыцца легітымнымі. Гэта значыць, Злучаныя Штаты не будуць прызнаваць гэтыя працэсы законнымі і будуць разглядаць іх як незаконны падрыў з боку Расеі суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, што можа правакаваць увядзенне санкцый у дачыненні да Расеі ў будучыні, — сказаў Арсень Сівіцкі. — Таму нягледзячы на тое, што ўся гэтая сітуацыя спрыяе Крамлю ў правядзенні сваіх стратэгічных нацыянальных інтарэсаў у адносінах да Беларусі, калі адносіны паміж Вашынгтонам і Масквой зноў пагоршацца, то не выключана, што Злучаныя Штаты проста будуць выкарыстоўваць фактар умяшання Расеі ва ўнутраныя справы Беларусі для яшчэ большага ўзмацнення жорсткасці санкцыйнага ціску на Расейскую Федэрацыю. Так што не ўсё так адназначна. Калі цяпер Злучаныя Штаты ўсё больш і больш губляюць цікавасць да Беларусі, таму што яны, напрыклад, не гатовы з Расеяй сварыцца з-за нашай краіны, бо тут не маюць значных інтарэсаў, то ў будучыні гэтая сітуацыя можа кардынальна змяніцца, як гэта адбывалася паміж 2014 годзе і 2020 м гадамі. Тады для Злучаных Штатаў захаванне Беларусі ў якасці незалежнай і суверэннай дзяржавы было важным інструментам падтрымання бяспекі сваіх саюзнікаў у рэгіёне».
Сітуацыя таксама пагаршае і пазіцыю Аляксандра Лукашэнкі на бліжэйшых перамовах з Уладзімірам Пуціным — «ва ўмовах, калі Менск не можа працаваць у рэжыме шматвектарнасці і прыцягваць падтрымку іншых цэнтраў сілы, такіх як ЗША і ЕЗ, з якімі адносіны дасягнулі чарговага дна, але і Кітая, які зацікаўлены ў нармальных адносінах Беларусі і Захаду». «Беларусь становіцца яшчэ больш уразлівай перад тварам ціску з боку Масквы, якая, несумненна, будзе падштурхоўваць беларускія ўлады да нявыгадных для краіны рашэнняў. Мы гэта ўжо бачылі па ранейшых падзеях, напрыклад, па пераарыентацыі транзітных патокаў з балтыйскіх партоў на расійскія, якія з камерцыйнага пункту гледжання абсалютна невыгадныя, але палітычна неабходныя — бо Лукашэнка вымушаны цяпер расплачвацца за падтрымку, аказаную Расеяй у мінулым годзе. Ну а тое, што Расея цяпер выставіць сябе галоўным выратавальнікам Аляксандра Лукашэнкі і таксама прад’явіць рахунак — тут сумневаў няма», — лічыць Арсень Сівіцкі.