Польшча абвергла заяву ФСБ РФ пра датычнасць да падрыхтоўкі замаху



Польшча абвергла сцвярджэнне Федэральнай службы бяспекі Расеі пра датычнасць да падрыхтоўкі замаху на Аляксандра Лукашэнку.

„Польшча ніколі не ўдзельнічала, не планавала і не плануе ніякіх дзеянняў па падрыхтоўцы замаху на Аляксандра Лукашэнку. Калі хтосьці [або] пан Аляксандр Лукашэнка гаворыць такія рэчы, то ён хлусіць. Польшча не ўдзельнічае ні ў якіх такіх дзеяннях. Прашу гэта пачуць — па-першае. І ведаць: калі хтосьці гэта пану падкідвае, яго падманваюць”, — заявіў кіраўнік канцылярыі польскага прэзідэнта Кшыштаф Шчэрскі ў эфіры тэлеканала TVP Info.

17 красавіка ФСБ паведаміла, што затрыманыя ў Маскве беларускі палітолаг Аляксандр Фядута і амерыканскі адвакат беларускага паходжання Юрый Зянковіч планавалі вайсковы пераварот у Беларусі і фізічную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі. Сцвярджалася, што ў расійскую сталіцу Зянковіч прыбыў „пасля праведзеных кансультацый у ЗША і Польшчы”.

Фядута і Зянковіч вывезены ў Беларусь. Распачатая справа па ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу ці ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Максімальнае пакаранне — да 12 гадоў пазбаўлення волі.

belapan.by