Выходныя ў Беларусі выйшлі не сумнымі
Падчас Рэспубліканскага суботніка 17 красавіка Аляксандр Лукашэнка выступіў з чарговымі гучнымі заявамі перад дзяржаўнымі журналістамі. Ён заявіў пра тое, што на яго сям’ю рыхтавалі замах, і што кіравалі гэтымі планамі амаль што з Белага Дома. Выходныя ў Беларусі выйшлі не сумнымі – каментуе Яна Запольская.
Гэта было б вельмі смешным, калі б не было такім сумным. Спачатку Лукашэнка заінтрыгаваў, маўляў, рыхтую найважнейшае за апошнюю чвэрць стагоддзя рашэнне. “Толькі праз мой труп… і нічога ў іх не атрымаецца”, – заявіў Лукашэнка невядома пра што і невядома на чый адрас. Але пазней не стрымаўся і распавёў, што на яго і яго дзяцей рыхтавалі замах, амаль цэлае амерыканскае ЦРУ са згоды Белага Дома.
Калі коратка. Літаратуразнавец, “пушкініст” Аляксандр Фядута, лідар партыі БНФ Рыгор Кастусёў і амерыканскі юрыст беларускага паходжання Юрась Зянковіч хацелі ліквідаваць кіраўніка Беларусі, а яго дзяцей узяць у закладнікі і трымаць у нейкім пограбе пад Гомелем. Пазней Федэральная служба бяспекі Расеі паведаміла, што на яе тэрыторыі затрымалі Фядуту і Зянковіча, якія рыхтавалі ваенны пераварот у Беларусі. І ў гэты ж дзень вечарам па беларускім тэлебачанні паказалі сюжэт, дзе старшыня КДБ Іван Церцель распавядаў пра раскрытую змову. Эксперты і аналітыкі ўжо не першы погляд заўважылі шмат недакладнасцяў. Як літаратуразнавец і юрыст маглі рыхтаваць “ваенны пераварот” напрыклад? Паводле расейскай спецслужбы, ім мелі дапамагаць нейкія “беларускія генералы”, а таксама беларускія ды ўкраінскія нацыяналісты. Дык што, у Беларусі цяпер існуе цэлае партызанскае войска, гатовае ў любы момант узяць уладу ў свае рукі? І дзе хаваюцца тыя ўкраінскія нацыяналісты? І навошта тым генаралам да прыкладу “пушкініст” Фядута? Да таго ж і даты перавароту не сходзяцца. Паводле беларускага КДБ, гэта мела быць недзе летам, а паводле расейскага ФСБ падчас параду 9 мая. Дый Лукашэнка блытаўся. То адну групу затрымалі, то некалькі.
Палітычны аналітык Валерый Карбалевіч адразу заўважыў: ляпілі гэты так званы “замах” у спецслужбах паспешліва. У штабе Святланы Ціханоўскай не выключылі правакацыю з боку расейскіх і беларускіх спецслужбаў. Дзяржаўны дэпартамент ЗША катэгарычна адкінуў усе закіды на адрас штатаў. Але традыцыйна паўстае пытанне: каму і навошта гэта патрэбнае? Палітычны аналітык Павел Усаў мяркуе, што гэта чарговая спроба застрашвання грамадства. Але не выключае, што Лукашэнка рыхтуе грунт для поўнай інтэграцыі з Расеяй. Маўляў, няма выйсця, трэба разам ратавацца ад “натаўскіх танкаў і самалётаў”. Усаў назваў гэта аперацыяй “прыкрыццё”. Аглядальнік “Свабоды” Юры Дракахруст у каментары Тут.бай заўважыў, што ЗША – цяпер агульны вораг для Пуціна і Лукашэнкі, таму фігуруе ЦРУ і Белы дом, узгадваецца і Польшча, дзе Зянковіча мелі кансультаваць. Украінскія нацыяналісты з’явіліся таму, што да іх ёсць прэтэнзіі ў Крамля. А Рыгор Кастусёў патрэбны ў змове “як страшны беларускі нацыяналіст”. Карацей, кожная спецслужба расставіла свае акцэнты. Цікава, што на гэта Нік і Майк скажуць.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: belta.by