Яшчэ дваіх адвакатаў выклікалі на пазачарговую атэстацыю
Адвакатаў Валера Зінкевіча і Святлану Халаловіч выклікалі на пазачарговую атэстацыю кваліфікацыыйнай камісіі Мінюсту Беларусі на 21 красавіка.
Як адзначае сайт «Права на абарону», падставай для пераатэстацыі Валера Зінкевіча стаў леташні фатаздымак на ягонай старонцы ў Інстаграме з подпісам: «Ад апошніх дзён проста захоплівае дух! Поспехі нашай любімай Беларусі!»
На думку кваліфікацыйнай камісіі ў пытаннях адвакацкай дзейнасці, выказванне ўласнай пазіцыі «не спрыяе павышэнню прэстыжу і аўтарытэту адвакатуры ў грамадстве».
Святлана Халаловіч адпрацавала ў адвакатуры 19 гадоў, летась брала ўдзел у бясплатным дыстанцыйным кансультаванні медычных работнікаў, якія непасрэдна працавалі з хворымі на COVID-19.
Ад пачатку года дзеля пазачарговай пераатэстацыі выклікалі многіх адвакатаў, якія абаранялі палітвязняў або ўдзельнічалі ў палітычных працэсах. У выніку адвакацкіх ліцэнзій пазбавіліся Людміла Казак, Сяргей Зікрацкі, Аляксандар Пыльчанка, Міхаіл Кірылюк, Канстанцін Міхель ды іншыя юрысты.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: defenders.by