Партыя БНФ патрабуе вызваліць свайго старшыню Рыгора Кастусёва



Кіраўніцтва Партыі БНФ выступіла з заявай, у якой патрабуе вызваліць свайго старшыню Рыгора Кастусёва і даць яму магчымасць на волі „абвергнуць усе падазрэнні і даць вычарпальныя тлумачэнні адносна любых абвінавачванняў у свой адрас”.

„Партыя БНФ паслядоўна трымаецца прынцыпаў законнай і празрыстай палітычнай дзейнасці, прынцыпова адмаўляе і асуджае любыя формы гвалту або экстрэмізму як сродкаў дасягнення палітычных мэтаў, у тым ліку — з боку цяперашняй улады або яе прыхільнікаў, — гаворыцца ў заяве, тэкст якой апублікаваны на сайце партыі. — Партыя БНФ дзейнічае выключна законнымі метадамі і неаднаразова заяўляла аб шырокім грамадска-палітычным дыялогу як адзіна магчымым шляху вырашэння цяперашняга крызісу”.

Кастусёў, адзначаецца ў дакуменце, з`яўляецца „адным з аўтараў і цвёрдых прыхільнікаў такой палітычнай лініі”. У партыі лічаць немагчымым і абсалютна выключаюць удзел свайго старшыні „ў любых формах абмеркавання, а тым болей — планавання якіх-кольвек гвалтоўных дзеянняў або замахаў”.

Старшыня партыі „заўсёды строга трымаецца статута і сочыць за яго выкананнем”. Пры гэтым статут Партыі БНФ „не прадугледжвае і не можа прадугледжваць ніякіх іншых, апроч законных, негвалтоўных, празрыстых і талерантных, метадаў палітычнай дзейнасці”. 

„Натуральна, на разгляд статутных органаў Партыі БНФ ніколі не выносіліся і не маглі выносіцца прапановы, планы ці любая іншая інфармацыя, якая мела б дачыненне да любых змоваў, перамоваў ці іншых дзеянняў, скіраваных на гвалтоўны захоп улады, ці была б звязаная з агучанымі дзяржаўнымі СМІ 17 красавіка звесткамі пра такую змову”, — падкрэслена ў заяве.

Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове (Магілёўская вобласць) і даставілі ў КДБ. 

17 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў пра затрыманне групы, якая планавала замах на яго і яго дзяцей, і звязаў яе са спецслужбамі ЗША. „Мы выявілі працу відавочна замежных спецслужбаў, хутчэй за ўсё, Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення, ФБР, не ведаю, хто там з амерыканцаў працаваў. Мы выявілі іх жаданне з`явіцца ў Мінск і ўжо заняцца арганізацыяй замаху на жыццё прэзідэнта і дзяцей”, — сказаў Лукашэнка падчас падыходу да пулу сваіх журналістаў на суботніку.

Ён паведаміў, што ўлады па „каналах адпаведных папярэдзілі і Расію, і іншых, каб былі ў тэме, не дай бог, адказ будзе вельмі жорсткім”.

„Мы іх захапілі ў Маскве, яны пабаяліся [прыехаць у Менск]. З ЗША прыляцелі — агентура. Прозвішча яго — нейкі Зянковіч (адвакат Юрый Зянковіч. — БелаПАН.). Яны пабаяліся сюды ехаць пасля таго, як мы затрымалі некалькі груп, якія сюды зброю звезлі, ужо ў тайнікі схавалі. Яны з`ехалі ў Маскву. І хто там яшчэ? Наш быў гэты — Фядута (паліттэхнолаг, першы прэс-сакратар Лукашэнкі Аляксандр Фядута. — БелаПАН.). Потым сталі шырэй глядзець: Кастусёў з`явіўся там”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, следам быў зварот да прэзідэнта і кіраўніка ФСБ Расіі. „І мы іх там узялі. Выехала наша група — 11 або 12 чалавек — група захопу”, — дадаў ён.

Начальнік аддзела следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак заявіў у эфіры праграмы „Контуры” на тэлеканале ОНТ 18 красавіка, што затрыманым па справе аб узброеным мяцяжы і замаху на Аляксандра Лукашэнку і яго сям`ю пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

„Распачатая крымінальная справа на падставе арт. 357 КК — гэта змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. Такіх спраў у гісторыі суверэннай Беларусі не было. Санкцыя часткі першай гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў”, — сказаў прадстаўнік камітэта.

На яго сцвярджэнне, затрыманыя па справе супрацоўнічаюць са следствам, даюць прызнальныя паказанні. КДБ падрыхтаваў „запыты ў кампетэнтныя ўстановы юстыцыі замежных дзяржаў аб аказанні прававой дапамогі пры расследаванні гэтай крымінальнай справы”.

 

belapan.by