ЗША аднаўляюць санкцыі супраць „Белнафтахіму” і яшчэ 8 прадпрыемстваў



Сёння, 19 красавіка, Святлана Ціханоўская прыняла з візітам амбасадара ЗША Джулі Фішэр, паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай.  

Фішэр расказала Ціханоўскай, што Міністэрства фінансаў ЗША аднаўляе санкцыі супраць дзевяці беларускіх дзяржпрадпрыемстваў, гаворка ідзе пра: 

• «Белнафтахім», • «Белнафтахім ЗША», • «Нафтан», • «Беларускі нафтавы гандлёвы дом», • «Белшына», • «Гродна Азот», • «Гроднахімвалакно», • ААТ «Лакафарба», • ААТ «Полацак-Шкловалакно».

Праз 45 дзён супрацоўніцтва з гэтымі прадпрыемствамі павінна быць спынена.

Санкцыі ўводзяцца па прычыне сістэматычнага парушэння правоў чалавека ў Беларусі. ЗША заклікаюць рэжым Лукашэнкі неадкладна вызваліць усіх палітвязняў.

Раней санкцыі былі адмененыя, але ў сакавіку 2021-га ЗША заявілі, што зноў запусцяць іх, і пазбегнуць гэтага рэжым можа, калі вызваліць палітвязняў і пойдзе на дыялог з народам. У адказ на гэта рэжым Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі няма палітвязняў.

Джулі Фішэр прабудзе з візітам у Вільні да канца тыдня.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: t.me/tsikhanouskaya