Эканамічны суд Берасцейскай вобласці прыняў рашэнне аб ліквідацыі ТАА „Польская школа”



Эканамічны суд Берасцейскай вобласці прыняў рашэнне аб ліквідацыі ТАА „Польская школа”, паведамляе прэс-служба суда.

„19 красавіка эканамічным судом Берасцейскай вобласці разгледжаная справа па іскавай заяве пракурора горада Берасця, пададзеная ў мэтах абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў адміністрацыі Ленінскага раёна горада Берасця, да ТАА „Польская школа” (г.Берасце), грамадзян М., Н., П. аб ліквідацыі юрыдычнай асобы”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што суд вырашыў ліквідаваць ТАА „Польская школа”, „усклаўшы абавязак па ліквідацыі таварыства на яго ўдзельнікаў — М. і Н.”, а таксама абавязаць іх завяршыць працэс ліквідацыі да 19 ліпеня 2021 года.

Рашэнне эканамічнага суда не ўвайшло ў сілу і можа быць абскарджанае (апратэставанае) у суд апеляцыйнай інстанцыі не пазней за 15 дзён з моманту яго прыняцця.

Як паведамлялася, пракуратура Берасця 10 сакавіка распачала крымінальную справу па факце „гераізацыя ваенных злачынцаў” у сувязі з правядзеннем у абласным цэнтры мерапрыемства, прысвечанага „дню праклятых жаўнераў”. У наглядным ведамстве ўгледзелі, што пры правядзенні мерапрыемства здзяйсняліся „наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму”, якія трапляюць пад артыкул 130 Крымінальнага кодэкса.

Як адзначыла пракратура, падчас даследчай праверкі ўстаноўлена, што 28 лютага 2021 года ў памяшканні, арандаваным культурна-адукацыйнай установай „Берасцейскі форум польскіх лакальных ініцыятыў” і ТАА „Польская школа”, „з удзелам непаўналетніх і моладзі праведзенае незаконнае масавае мерапрыемства”. „Апранутыя ў нацыянальную форму польскай скаўцкай арганізацыі маладыя людзі выконвалі песні, чыталі вершы на славу ваенных злачынцаў, у тым ліку Рамуальда Райса, вядомага па мянушцы Буры”, — гаварылася ў паведамленні. У межах расследавання быў затрыманы сузаснавальнік „Польскай школы”.

Улады Беларусі лічаць Райса ваенным злачынцам, а дзеянні яго атрада — генацыдам беларусаў.

belapan.by