У Чавусах судзяць былога намесніка кіраўніка Магілёўскага гарвыканкама
У Чавусах судзяць 43-гадовага былога намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміра Дударава, які падчас выбарчай кампаніі 2020 года быў каардынатарам абласной ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі.
Дударава абвінавачваюць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 3 арт. 426 КК) і махлярстве (ч. 4 арт. 209 КК). Віны ён не прызнае.
19 чэрвеня 2020 года праваабаронцы прызналі Дударава палітзняволеным. Крымінальную справу супраць яго разглядае старшыня суда Чавускага раёна Алена Каралько. Дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівае пракурор пракуратуры Чавускага раёна Сяргей Снытчанка.
Пасаду намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкама Дудараў займаў з верасня 2018-га да жніўня 2019 года, курыраваў пытанні будаўніцтва і ЖКГ. Да гэтага кіраваў аддзелам будаўніцтва ў гарадской адміністрацыі.
Затрымалі Дударава 11 чэрвеня 2020 года. На той момант ён працаваў намеснікам дырэктара акцыянернага таварыства „Домабудаванне” і быў абласным каардынатарам ініцыятыўнай групы Бабарыкі. З таго часу звестак пра лёс зняволенага не з`яўлялася. На судзе стала вядома, што ўтрымліваецца ён у следчым ізалятары, які знаходзіцца ў турме № 4 Магілёва.
Адвакат Яўген Багуслаўскі папрасіў суд змяніць меру стрымання для падабароннага на хатні арышт або паруку, бо ў зняволенні яго хранічныя хваробы, у прыватнасці гіпертанія, абвастрыліся. Пракурор выступіў супраць, яго падтрымала суддзя.
Дудараву інкрымінуюць тры эпізоды злачыннай дзейнасці, у выніку якой, як устанавіла папярэдняе следства, нанесеная шкода грамадскім і дзяржаўным інтарэсам на 43.669 рублёў.
Віны Дудараў не прызнаў. Паводле яго слоў, шматлікія праверкі, у тым ліку праваахоўных органаў, па абвешчаных пракурорам фактах раней не выявілі парушэнняў заканадаўства з яго боку. Сваю пазіцыю ён збіраецца выказаць на наступных судовых пасяджэннях больш грунтоўна.
На суд 19 красавіка прыехалі сваякі абвінавачанага. Яго жонка Алена ў размове з журналістамі адзначыла, што выстаўленыя мужу абвінавачанні беспадстаўныя і надуманыя. Жонка спадзяецца, што правасуддзе разбярэцца, і ўстрымліваецца казаць пра палітычны аспэкт гэтай справы. Яна паведаміла, што на здароўе муж не скардзіцца, аднак належная медыцынская дапамога ў ізалятары, на яе думку, не аказваецца. За восем месяцаў зняволення яго толькі адзін раз наведаў неўролаг. У лютым яна бачыла мужа на спатканні.
Дудараў не першы з магілёўскіх членаў ініцыятыўнай групы Бабарыкі, які знаходзіцца пад крымінальным пераследам. У чэрвені 2020 года быў затрыманы кіраўнік магілёўскай абласной дырэкцыі „Белгазпрамбанка” Сяргей Кармызаў. 26 лютага 2021 года суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прыгаварыў яго да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму за перавышэнне службовых паўнамоцтваў з нанясеннем шкоды ў буйным памеры. Паводле высноў следства Кармызаў незаконна выдаў крэдыт на 75 тысяч рублёў. На працэс супраць Кармызава не пусцілі журналістаў незалежных СМІ.