Агляд прэсы: хуткія зборы



Амерыканскі дыпламат Джулі Фішэр збіраецца ў Беларусь. Еўрапейскія СМІ разважаюць, што рабіць з Расеяй. Хто заменіць Меркель? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Амерыканскае выданне NPR друкуе інтэрв`ю з амерыканскім дыпламатам Джулі Фішэр, якая збіраецца стаць першым паслом ЗША ў Беларусі за апошнія 13 год.

«Асабліва складана падумаць пра вяртанне пасла ў Менск, улічваючы цяперашнюю сітуацыю. Мы шмат гадоў працавалі над аднаўленнем пазітыўных двухбаковых адносінаў, што на самой справе дастаткова цяжка пры адсутнасці паслоў у сталіцах абедзвюх краін. Гэта сапраўдны выклік! Напрыканцы снежня мяне зацвердзіў Сенат Злучаных Штатаў. Але на гэты момант мне яшчэ не ўдалося пераехаць у Менск. З нашага боку мы зрабілі ўсё неабходнае і чакаем ад беларускага боку прыняцця адпаведных дзеянняў», – цытуе дыпламата Джулі Фішэр амерыканскае выданне.

Таксама выданне падкрэслівае, што Джулі Фішэр пацвердзіла намер сустрэцца са Святланай Ціханоўскай.

«Лукашэнка не карыстаецца легітымнасцю, якую маглі б даць выбары. У гэтым няма пытання, і цалкам дакладна, што Ціханоўская заслужыла вялікі аўтарытэт падчас гэтай кампаніі. Але ёсць розніца паміж законнасцю і ажыццяўленнем улады. Справа ў тым, што мы прызнаем, што ўлады ў Менску кантралююць урад. Мы не прызнаем, што Лукашэнка перамог на выбарах у жніўні», – гаворыцца ў матэрыяле.

Расейскія войскі сцягнутыя да мяжы з Украінай, адзін з вядучых расейскіх апазіцыянераў  сядзіць за кратамі і стан яго здароўя пагаршаецца. А днямі кіраўніцтва Чэхіі абвінаваціла Маскву ў дзяржаўным тэрарызме і заявіла, што за выбухам на складзе боепрыпасаў, які  адбыўся ў Чэхіі ў 2014 годзе, стаяць расейскія агенты. Аглядальнікі разважаюць пра тое, як Захаду рэагаваць на нарастаючую колькасць канфліктных сітуацый у адносінах з Расеяй.

Чэшская газета Deník піша пра тое, што Чэхіі варта ўвогуле перагледзець свае адносіны з расейскім рэжымам.

«Прага занадта наіўна ставіцца да Расеі. Мы думаем, што калі Расея акупуе тэрыторыю Украіны, паспрабуе падрываць дэмакратыю і свабоду і ўплываць на выбары і жыццё ў заходніх краінах, то нас гэта не датычыцца. Расейскі рэжым літаральна гатовы ісці па трупах, у тым ліку і ў Чэхіі, што і даказаў тэракт 2014 года, у выніку якога загінулі два чалавекі. Мы для Расеі – мэта і вораг. Такая новая рэальнасць»,  – папярэджвае чэшскае выданне.

Ангела Меркель займае пасаду канцлера Германіі з лістапада 2005 года. Даўжэй на пасадзе канцлера ФРГ знаходзіўся толькі Гельмут Коль. Аднак на будучых восеньскіх выбарах у бундэстаг Меркель больш не будзе вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду канцлера ад саюза ХДС/ХСС, якому пакуль што так і не ўдалося дамовіцца аб тым, хто ж будзе вылучаны на гэтую пасаду. Ад партыі Зялёных у канцлеры будзе вылучана Ганалена Бэрбак.

На думку французскай газеты Les Echos,  яна цалкам можа стаць «новай Мэркель».

«У Бэрбак, былой прафесійнай скакухі на батуце, дастаткова сілаў для таго, каб выкарыстоўваць цяперашнюю дынаміку на карысць «Зялёных», у той час як кансерватары і СДПГ пагразлі ў кадравых спрэчках і імкліва губляюць рэйтынг. І хоць Бэрбак ніколі яшчэ не займала якой-небудзь пасады ва ўрадзе, усе прызнаюць яе кампетэнтнасць па вельмі шырокім коле пытанняў, пачынаючы з клімату і аж да сацыяльных пытанняў. Усё больш немцаў бачаць у Бэрбак пераемніцу Ангелы Мэркель. І гэта – варыянт, які, мяркуючы па ўсім, цалкам можа прыйсціся па душы дзеючаму канцлеру», – падкрэслівае французскае выданне.

«Фінляндыя задумалася аб куплі расейскай вакцыны «Спадарожнік V», – паведамляе фінскае выданне Yle і цытуе міністра па справах сям’і і апекі Крысці Кіуру, якая адзначыла, што пачаць перамовы Фінляндыя можа, не чакаючы пагаднення аб закупках на ўзроўні ЕЗ.

«Тым не менш узгадненне ўсё ж будзе. Акрамя таго, замовіць «Спадарожнік» плануе Германія, прычым з той жа агаворкай, што і Фінляндыя: вакцына павінна атрымаць «зялёнае святло» еўрапейскіх медычных уладаў. Таксама пакуль невядома, наколькі «Спадарожнік V» можа выклікаць такі пабочны эфект, як трамбоз», – піша фінскае выданне.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка