Новая Беларусь стане надзейным партнёрам ЕЗ
Усходняе партнёрства мае важнае значэнне для пабудовы і ўмацавання ўстойлівых дэмакратычных супольнасцяў у рэгіёне, заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 20 красавіка на адкрыцці 9-й сесіі Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства (Еўранест).
Сесія з-за пандэміі каронавірусу праходзіць у анлайн-фармаце. Трансляцыя пасяджэння вядзецца на сайце Еўрапарламента.
„Для мяне вялікі гонар выступаць у Еўранесце ад імя дэмакратычных сіл Беларусі, — адзначыла Ціханоўская. — Вы з’яўляецеся законнымі прадстаўнікамі грамадзян дзяржаў — членаў ЕЗ і краін — партнёраў ЕЗ. На жаль, парламент Беларусі і ўрад не маюць ніякай легітымнасці прадстаўляць беларускі народ ні на гэтым форуме, ні на любым іншым. Яны дзесяцігоддзямі не маглі правесці свабодныя і справядлівыя выбары, падрываючы саму аснову жыццяздольнага грамадства. Яны не пакінулі людзям іншага выбару, акрамя як патрабаваць тэрміновых перамен”.
Яна падкрэсліла, што беларускі народ імкнецца да пабудовы ўстойлівага дэмакратычнага грамадства. „Людзі патрабуюць мірнага дэмакратычнага транзіту, і яны даказалі сваю рашучасць”, — сказала дэмакратычны лідар.
Як адзначыла Ціханоўская, з моманту выбараў 9 жніўня 2020 года больш за 35 тысяч чалавек зведалі адміністрацыйныя арышты, распачата больш за тры тысячы крымінальных спраў, на гэты момант у краіне 354 чалавекі лічаць палітвязнямі. „Гэтыя лічбы пастаянна растуць”, — падкрэсліла яна.
„Усходняе партнёрства пабудаванае на агульных каштоўнасцях дэмакратыі і правоў чалавека, якія аб’ядноўваюць краіны для сумеснай працы па стварэнні падсправаздачных інстытутаў, вяршэнства закона і бяспекі. І гэта нашы прыярытэты для новай Беларусі. На жаль, усё, што дагэтуль вядома беларускаму народу, гэта непавага да сістэмы стрымліванняў і процівагаў, беззаконне і пастаянная пагроза незалежнасці сваёй краіны”, — сказала Ціханоўская.
Яна нагадала, што з-за фальсіфікацый на выбарах і наступных парушэнняў правоў чалавека ЕЗ вырашыў панізіць супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам у рамках Усходняга партнёрства да непалітычнага ўзроўню і актывізаваў узаемадзеянне з беларускай грамадзянскай супольнасцю.
„Грамадзянская супольнасць — гэта аснова ўстойлівасці беларусаў перад абліччам рэпрэсій, — сказала дэмлідар. — У адказ на яе дзейнасць улады робяць больш жорсткімі законы. Яны дадаюць да спіса тэрарыстаў праваабаронцаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці і прадстаўнікоў незалежных СМІ. З людзьмі, якія хочуць дэмакратыі, росквіту і стабільнасці для сваёй краіны і хочуць дамагчыся гэтага мірнымі сродкамі, абыходзяцца як з тэрарыстамі. Але нас не спыняць на шляху ў новую Беларусь”.
Ціханоўская адзначыла, што амаль 800 тысяч чалавек праз галасаванне на платформе „Голас” падтрымалі яе заклік да перамоў для ўрэгулявання крызісу ў Беларусі.
„Мы працуем з Еўрапейскім саюзам і яго дзяржавамі-членамі, з АБСЕ, з ЗША, Вялікабрытаніяй і Канадай, каб ісці наперад па шляху да перамоў, — сказала яна. — Перамовы будуць сканцэнтраваны вакол трох асноўных прыярытэтаў. Па-першае, нацыянальны дыялог і прымірэнне на аснове вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і аднаўлення іх правоў. Па-другое, новыя свабодныя і справядлівыя выбары. Па-трэцяе, рэформа палітычнай сістэмы, аднаўленне вяршэнства закона і павага да правоў чалавека”.
„Мы лічым, што АБСЕ з’яўляецца прыдатнай пляцоўкай для гэтых перамоў, паколькі ў яе ўваходзіць шырокае кола ўдзельнікаў, — працягнула Ціханоўская. — Некалькі дзяржаў — членаў ЕЗ могуць адыграць вырашальную ролю ў якасці пасрэднікаў у дыялогу паміж рэжымам і грамадствам. Яны могуць стаць гарантамі выканання абавязацельстваў, якія возьмуць на сябе бакі перамоў”.
Дэмлідар падкрэсліла, што прыхільнікі перамен прыкладаюць усе намаганні, каб „адбыўся мірны пераход да дэмакратыі”. „У сувязі з гэтым мы вітаем перамовы аб запуску комплекснага плана эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі. Нядаўна мы абмеркавалі з ЕЗ істотную фінансавую і тэхнічную дапамогу для інстытуцыйных рэформаў і эканамічнага развіцця. Гэты план мае вырашальнае значэнне для ажыццяўлення пераходу”, — заявіла яна.
Ціханоўская таксама адзначыла, што акрамя палітычнага дыялогу і эканамічнай падтрымкі важнымі з’яўляюцца кантакты паміж людзьмі. „Заключэнне пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму — важны крок, але ў новай Беларусі мы хочам абмеркаваць далейшы прагрэс у сферы візавай палітыкі, каб беларусы маглі падарожнічаць у ЕЗ без віз. Ім таксама павінны быць прапанаваныя магчымасці ўдзелу ў еўрапейскіх праграмах абмену, такіх як Erasmus Plus і Horizon Europe”, — падкрэсліла дэмлідар.
Яна дадала: „Новая Беларусь, якую мы будуем, будзе жыццяздольным, інклюзіўным і дэмакратычным грамадствам. Новая Беларусь стане надзейным партнёрам ЕЗ, які будзе спрыяць стабільнасці, бяспецы і росквіту рэгіёну Усходняга партнёрства. Мы з нецярпеннем чакаем запрашэння нашых прадстаўнікоў у Еўранест у якасці законных членаў, паколькі выбары пройдуць пад міжнародным назіраннем і сапраўды адлюструюць волю народа. Усходняе партнёрства нацэленае на дасягненне адчувальных вынікаў для людзей, а народ Беларусі патрабуе перамен. Мы ўпэўненыя, што з вашай падтрымкай мы дасягнем гэтай мэты і агульных мэтаў Усходняга партнёрства”.