За слова „дрыщ” у дачыненні да міліцыянта менчук атрымаў два гады „хатняй хіміі”



Суд Цэнтральнага раёна Менска 20 красавіка прыгаварыў да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову 30-гадовага Дзмітрыя Чахуту, якога суддзя Вікторыя Шабуня прызнала вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 Крымінальнага кодэкса). Таксама суд абавязаў спагнаць з абвінавачанага 1 тыс. рублёў маральнай шкоды на карысць пацярпелага.

Чахуту абвінавацілі ў тым, што ён размясціў у тэлеграм-канале пад калажам з выявай супрацоўніка МУС Уладзіслава Шукайлы тэкст з надпісам „Позывной дрыщ”.

Праваабаронцы адзначаюць, што ў снежні 2020 года эксперт Юлія Папко прызнала слова „дрыщ” ненарматыўным у выпадку, калі „ацэньваецца асоба”. Пры гэтым яна адзначыла, што праводзіла ацэнку з улікам арфаграфічнай памылкі: правільны варыянт напісання слова па-руску — „дрищ”. Згодна з экспертызай, у слове „дрыщ” маецца негатыўная ацэнка Шукайлы.

Яе экспертызу пацвердзіў прадстаўнік упраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Берасцейскай вобласці Зміцер Клюеў.

Чахута прызнаў віну. Ён дапусціў, што каментар мог абразіць, аднак адзначыў, што на той момант не разумеў, што пацярпелы з’яўляецца супрацоўнікам унутраных спраў. Ён не чытаў каментары да фатаграфіі, а мог толькі меркаваць, што гэта асоба магла быць супрацоўнікам АМАП, бо ў тэлеграм-канале размяшчаліся іх дадзеныя. Чахута адзначыў, што чалавек на фатаграфіі быў худы, менавіта таму ён так і напісаў, але ўспрымае каментар як жартоўны: ён адносіўся да ўсёй групы людзей, якіх размясцілі на калажы.

Абвінаваўца Арцём Цвяткоў заявіў, што каментар „зганьбіў гонар і годнасць як канкрэтна Шукайлы, так і супрацоўнікаў унутраных спраў у цэлым”. Як акалічнасць, што абцяжвае віну, пракурор папрасіў прызнаць учыненне злачынства „па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці і пакараць Чахуту двума гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову („хатняй хіміі”).

У сваю чаргу адвакат падкрэсліў, што абвінавачаны не думаў абразіць пацярпелага, таму абарона не згодная, што злачынства было ўчыненае па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці. Абаронца прасіў пакараць падабароннага папраўчымі працамі.

У апошнім слове Чахута падкрэсліў, што ўсвядоміў свой учынак, і прынёс прабачэнні пацярпеламу.

belapan.by