Агляд прэсы: чырвоныя межы



Беларусь павялічвае ваенную актыўнасць па ўсёй краіне. СМІ ў чаканні новай эканамічнай вайны Расеі і ЗША.

У Баварыі кабаны ўсё яшчэ заражаны радыяцыяй. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі:

– Як адзначае амерыканскае ваеннае выданне Defence Blog, Беларусь узмацняе ваенную дзейнасць па ўсёй краіне на фоне пастаяннага пагаршэння адносін з суседнімі краінамі і НАТА.

Выданне спасылаецца на сотні відэаролікаў, якія цыркулююць у сацыяльных сетках і паказваюць перамяшчэнне цяжкіх ваенных машын і войскаў.

«Шматлікія сведкі паведамляюць пра перасоўванне ваенных канвояў і цягнікоў, загружаных вялікай колькасцю ваеннай тэхнікі, уключаючы танкі і іншую цяжкую бронетэхніку, у раёнах уздоўж украінскай і расейскай межаў», – піша Defence Blog. У пацвярджэнне таксама прыводзіцца пост у твітэры рэпарцёра штотыднёвіка «Bild» Джуліяна Ропке, які напісаў, што Беларусь размясціла свае войскі на межах з Украінай: «Дыктатар Лукашэнка рухае беларускую армію да ўкраінскай мяжы, то бок у 60 км на поўнач ад мяжы Ровенскай вобласці».

«Важна таксама адзначыць, што адміністрацыя Байдэна ў панядзелак аднавіла санкцыі ЗША супраць дзевяці дзяржаўных кампаній у Беларусі за парушэнні правоў чалавека рэжымам Лукашэнкі», – рэзюмуе Defence Blog.

Нямецкая газета Handelsblatt сцвярджае, што фінансавыя і эканамічныя санкцыі Байдэна сталі балючымі для Крамля. Але ён робіць усё, каб прадухіліць паніку на фінансавых рынках і ўтрымаць інвестараў. Аднак адчужэнне ў адносінах паміж Расеяй і Захадам ужо прымае небяспечную форму. «Пасля санкцый Байдэна Масква высылае дыпламатаў, а таксама забараняе ўезд у краіну двум амерыканскім міністрам», – канстатуе нямецкае выданне. – «Цяпер Крэмль спрабуе прадухіліць паніку на фінансавых рынках. Крамлёўскія чыноўнікі заяўляюць, што Масква гатовая станоўча адказаць на прапанову Байдэна аб сустрэчы ў вярхах. Раней правядзенне такой сустрэчы выключалася ў выпадку ўвядзення новых санкцый».

Handelsblatt адзначае, што да апошняга досыць прыязныя да Расеі краіны, як Чэхія і Балгарыя, таксама ўвялі санкцыі супраць Масквы, а Польшча рэзка абвастрыла рыторыку на адрас Крамля.

«Паводле дадзеных Баварскага саюза паляўнічых, праз 35 гадоў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС кабаны ў Баварыі дагэтуль зведваюць высокае абпраменьванне радыяцый. Нярэдкія выпадкі, калі вымераныя значэнні перавышаюць максімальна дапушчальныя 600 бекерэляў радыеактыўнага цэзію на кілаграм», – паведамляе нямецкі часопіс Der Spiegel.

«Гэта звязана са звычкамі дадзеных жывёлаў. У адрозненне ад іншых дзікіх жывёл, кабаны шукаюць вялікую частку сваёй ежы ў зямлі, ядучы, напрыклад, карані, грыбы і лічынкі. Па дадзеных Федэральнага ведамства па радыяцыйнай абароне, глеба асабліва добра назапашвае радыеактыўны цэзій, які пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС асеў у асноўным на поўдні Германіі і паступова пракраўся ў больш глыбокія пласты глебы», – адзначае нямецкі часопіс.

Паводле выдання, для забеспячэння таго, каб толькі чыстае мяса трапляла на талерку спажыўцоў, у 1990-х гадах Саюз паляўнічых пачаў ствараць агульнанацыянальную сетку станцый вымярэння радыеактыўнага цэзію, якая з тых часоў пашырылася. Сёння ў Баварыі працуе 124 вымяральныя станцыі. «У адпаведнасці са строгімі нямецкімі і еўрапейскімі правіламі гігіены мяса, мяса, забруджанае больш чым 600 бекерэлямі на кілаграм, павінна быць знішчана. Яно больш не прыгоднае для ўжывання», – адзначае выданне.

«26 красавіка 1986 года ў чацвёртым блоку тады яшчэ савецкай Чарнобыльскай АЭС адбыўся выбух, які прывёў да найбуйнейшай ядзернай катастрофы ў гісторыі мірнага выкарыстання атамнай энергіі», – нагадвае Der Spiegel. – «У выніку ад наступстваў загінулі тысячы людзей, дзясяткам тысяч прыйшлося перасяліцца ў іншыя рэгіёны».

«Калі вы ўжо выпілі сёння літр Evian, то зрабіце рэтвіт», – напісала 13-га красавіка ў сваім Twitter-акаўнце французская кампанія па вытворчасці аднайменнай мінеральнай вады. Твіт быў прымеркаваны да пачатку мусульманскага паста Рамадан. Некаторым карыстальнікам не спадабаўся твіт кампаніі, яны сталі пісаць пра расізм, што ў сваю чаргу прымусіла падняць галовы ісламафобаў, і выклікала новы віток спрэчкі. Кампанія Evian вырашыла папрасіць прабачэння за свой твіт. Французская прэса ў адказ кіпіць ад абурэння. «Калі ўжо простая рэклама вады дае нам столькі глебы для інтэрпрэтацый, то справа зусім дрэнная», – з іроніяй адзначае французская газета Le Point.

«Пасля нападаў на помнікі чарга дайшла да бутэлек з мінералкай! Чаму ніхто не нападае на вытворцу мінеральнай вады Vichy? Успамінаюцца ўгаворванні нашых бацькоў, бабуль і дзядуляў: «Пі!», «Ты павінен піць больш!» Ці ёсць у гэтых медычных інструкцыях нейкі схаваны матыў? Ці ёсць нейкая таемная рэакцыйная палітыка? Мы яшчэ раз свежым поглядам прагледзелі рэкламу Evian. Ну, добра, гаворка там ідзе пра чысціню. Давайце развіваць тэму. Выстаўляць напаказ усіх гэтых немаўлятаў – значыць агітаваць за тое, каб людзі заводзілі дзяцей. А гэта значыць – заклікаць да далейшага разбурэння планеты!», – жартуе экспромтам французскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя