Успаміны пра Караткевіча ўсплываюць у размовах



Калі рыхтаваліся да святкавання 100-годдзя Максіма Багдановіча, з асабістага кола яго сяброў у жывых была толькі адна асоба – Зоська Верас, якая магла памятаць і распавядаць пра сустрэчы з паэтам.

Але і Зоська Верас не дажыла да 100-годдзя Максіма Багдановіча, памерла за два месяцы да стагоддзя паэта – 8 кастрычніка 1991 года. Максім Багдановіч пражыў 25 год 5 месяцаў і 15 дзён. Сканаў у 1917 годзе. У яго сяброў было не шмат шанцаў доўга пражыць: рэвалюцыя, вайна, рэпрэсіі.

Журналіст, аўтар нон-фікшн кніг Сяргей Навумчык кажа: “Апошнім чалавекам, каго ведаў Максім Багдановіч, была Яніна Каханоўская (бабця Данчыка), яна памерла ў 2005 годзе. Багдановіч трымаў яе на руках – але яна яго, канешне, не памятала”.

Ведаю пра бабцю Данчыка, яе партрэт быў у музеі Максіма Багдановіча, але пра тое, што яе Багдановіч трымаў на руках ёй распавяла маці Эмілія Шабуня, гэта люстэркавы ўспамін пра ўспамін.

 Праз 10 гадоў – 100 годдзе Уладзіміра Караткевіча. Людзей, якія ведалі яго асабіста шмат. І гэта людзі рознага ўзроста.

Успаміны ўсплываюць у размовах.

Напрыклад, нядаўна мой аднакурснік Усевалад Рагойша распавёў гісторыю пра Уладзіміра Караткевіча і машыну. У 1975 годзе яго бацькі набылі машыну і паехалі на ёй да Караткевіча, каб паказаць. Тады Уладзімір Караткевіч, звярнуўгыся да шасцігадовага Севы, вельмі эмацыйна сказаў: „А я ніколі не сяду за руль машыны!”. Яшчэ Усевалад Рагойша сказаў, што Уладзімір Караткевіч гаварыў з дзецьмі, як з роўнымі, нават так, быццам бы дзеці разумеюць усё лепш за дарослых. І гэта ўражвала.  

 Я да таго, што цяпер час збору ўспамінаў пра Уладзіміра Караткевіча спрыяльны.

Выдавец Генадзь Вінярскі кажа: „Яраслаў Мальдзіс распавядаў пра сустрэчы ў сваім дзяцінстве з Уладзімірам Караткевічам”.

Але ці запісаныя яны дзе? Дзіцячыя ўспаміны пра Караткевіча, гэта наогул адметная тэма.

Цікавая магла быць кніга „Дзіцячыя ўспаміны пра Караткевіча”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ