ПАСЕ заклікае ўлады Беларусі правесці сёлета новыя дэмакратычныя выбары



Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ) заклікае ўлады Беларусі правесці сёлета новыя дэмакратычныя выбары для вырашэння палітычнага крызісу. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай 21 красавіка на сесіі ПАСЕ ў Страсбургу на аснове даклада „Парушэнні правоў чалавека ў Беларусі патрабуюць міжнароднага расследавання”. Даклад падрыхтавала дэпутат Аляксандра Луі (Францыя). За прыняцце рэзалюцыі прагаласавалі 102 дэпутаты, супраць — 23, устрымаліся — 13. Супраць галасавалі прадстаўнікі дэлегацый Расеі і Азербайджана.

У рэзалюцыі адзначаецца, што „мірныя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня 2020 года былі жорстка задушаныя рэжымам Аляксандра Лукашэнкі”, а многія пратэстоўцы „былі арыштаваныя і зазналі катаванні ў зняволенні”. Некаторыя лідары дэмакратычнага руху затрыманыя, іншыя былі вымушаныя пакінуць краіну.

„У лютым 2021 года пачалася новая хваля арыштаў і пераследаў актывістаў апазіцыі, — гаворыцца ў дакуменце. — Сярод прыцягнутых да адказнасці былі праваабаронцы, журналісты, юрысты, прафсаюзныя дзеячы і прадстаўнікі Каардынацыйнай рады”.

ПАСЕ адзначае, што ў Беларусі налічваецца больш за 300 палітзняволеных, некаторыя з іх аб’яўлялі галадоўкі пратэсту.

„Вінаватыя ў сур’ёзных і неаднаразовых парушэннях правоў чалавека, учыненых у масавых маштабах пры задушэнні пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, не зазналі крымінальнага пераследу на нацыянальным узроўні, нягледзячы на тое, што катаванні і абыходжанне, якое з’яўляецца бесчалавечным ці прыніжае годнасць, — злачынствы ў беларускім заканадаўстве”, — сказана ў рэзалюцыі.

ПАСЕ звяртае ўвагу на важнасць прыцягнення да адказнасці вінаватых у сур’ёзных парушэннях правоў чалавека, у тым ліку для таго, каб прадухіліць такія парушэнні ў будучыні. У рэзалюцыі таксама адзначаецца, што заканадаўства шэрагу краін — членаў Савета Еўропы прадугледжвае прынцып „універсальнай юрысдыкцыі” ў дачыненні да пэўных злачынстваў асабліва сур’ёзнага характару, уключаючы акты катаванняў, нават калі яны былі здзейсненыя за мяжой, замежнымі грамадзянамі і супраць замежных грамадзян.

ПАСЕ вітае дзейнасць беларускіх праваабаронцаў, якія „паспяхова сабралі значны аб’ём доказаў катаванняў і бесчалавечнага або зняважлівага абыходжання і выявілі меркаваных злачынцаў”. У рэзалюцыі згадваецца нядаўна створаная Міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці (International Accountability Platform for Belarus), а таксама вітаецца супрацоўніцтва ў яе рамках розных арганізацый і краін.

ПАСЕ падтрымлівае стварэнне спецыяльнай групы Савета Еўропы па сітуацыі ў Беларусі, у першую чаргу — па абароне правоў чалавека.

Дэпутаты ПАСЕ заклікаюць улады Беларусі пачаць дыялог з апазіцыяй як „адзіны спосаб спыніць гвалт, парушэнні правоў чалавека і правесці сёлета новыя дэмакратычныя выбары для вырашэння палітычнага крызісу”.

„ПАСЕ заклікае неадкладна вызваліць палітычных зняволеных, а таксама спыніць усе акты катаванняў і бесчалавечнага або зняважлівага абыходжання, якія ўчыняюцца супраць праціўнікаў рэжыму — у грамадскіх месцах, у дамах грамадзян або ў любых месцах утрымання пад вартай, — гаворыцца ў рэзалюцыі. — ПАСЕ заклікае прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых ва ўчыненні такіх дзеянняў у адпаведнасці з Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь”.

У рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да уладаў Беларусі супрацоўнічаць з Венецыянскай камісіяй для рэфармавання Крымінальнага кодэкса, у тым ліку з мэтай дэкрыміналізацыі свабоды выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцый.

Дэпутаты ПАСЕ заклікалі Беларусь падпісаць і ратыфікаваць Факультатыўны пратакол да канвенцыі ААН супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці зняважальных відаў абыходжання і пакарання, а таксама Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суда. Рэзалюцыя рэкамендуе Камітэту міністраў Савета Еўропы прапанаваць Беларусі далучыцца да Еўрапейскай канвенцыі супраць катаванняў.

ПАСЕ заклікае ўлады Беларусі:

— прыняць усе неабходныя меры для забеспячэння права грамадзян на справядлівы судовы разбор, уключаючы доступ да адваката;

— адмяніць усе абмежаванні на свабоду СМІ і свабоду сходаў;

— выконваць усе рэкамендацыі Венецыянскай камісіі, зробленыя ў яе заключэнні ад 20 сакавіка 2021 года аб сумяшчальнасці з еўрапейскімі стандартамі пэўных палажэнняў крымінальнага заканадаўства Беларусі, якія выкарыстоўваюцца для пераследу мірных дэманстрантаў і членаў Каардынацыйнай рады;

— як мага хутчэй адмяніць смяротнае пакаранне.

Дзяржавам — членам Савета Еўропы рэзалюцыя рэкамендуе патрабаваць ад улад Беларусі неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення рэпрэсій супраць пратэстоўцаў, а таксама паставіць у залежнасць ад гэтага любое эканамічнае, фінансавае і палітычнае супрацоўніцтва.

Акрамя таго, ім рэкамендавана падтрымліваць міжнародныя намаганні па прыцягненні да адказнасці асоб, вінаватых у сур’ёзных парушэннях правоў чалавека ў Беларусі, аказваць дапамогу ахвярам рэпрэсій, вымушаным пакінуць Беларусь, і ўвесці адрасныя санкцыі ў дачыненні да вінаватых у парушэннях правоў чалавека.

БелаПАН