Вольга Верамеенка: Нейкая дзіўная праверка на зварот з Віцебшчыны
У гарадзенскую краму “Адметнасць” прыйшла чарговая праверка з упраўлення гандлю, куды звярнуўся спадар Кавалёў з Віцебшчыны.
Уладальніца крамы Вольга Верамеенка здзіўлена прыходам прадстаўніц з упраўлення гандлю, якія мусілі неяк рэагаваць на тое, што па скарзе Кавалёва ў краме прадаюцца, як ён сфармуляваў, «пранацысцка-пратэставыя бел-чырвона-белыя сцягі».
– Яны прынеслі нам вось такую паперу. Хочуць, каб мы падалі ім інфармацыю. То бок справа ў чым – нейкі грамадзянін Кавалёў, які жыве ў Бігосаве Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці напісаў ім ажно тры скаргі і хоча тлумачэнняў. Вось тут па-расейску напісана: по вопросу реализации товаров незарегистрированной, оккупационной бело-красной символики, в том числе нацистско-протестных БЧБ флагов.
Па словах Вольгі Верамеенка прадстаўнікі крамы збіраюцца напісаць пісьмовы адказ з гістарычным абгрунтаваннем:
– Здзіўлення, канешне, тут ужо ніякага няма, бо тут чакана ўжо ўсё што заўгодна. Толькі здзіўляе, што гэта нейкі Кавалёў ажно з Верхнядзвінскага раёна дбае пра нашы гарадзенскія справы. Адказ будзе абгрунтаваны, са спасылкамі на гістарычныя каштоўнасці, гістарычныя сімвалы і на гістарычныя дакументы, якія звязаныя з бел-чырвона-белай сімволікай, як ён піша, і БЧБ сцягамі.
Гарадзенская крама “Адметнасць“ засталася амаль адзінай крамай у Беларусі, якая гандлюе таварамі з нацыянальнымі колерамі. Падобныя крамы раней працавалі ў Менску, Берасці ды іншых гарадах, аднак яны былі па розных прычынах зачыненыя ўладамі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча