Белы дом адхіліў абвінавачанні ў датычнасці ЗША да „спробы дзяржперавароту ў Беларусі”



Злучаныя Штаты Амерыкі адхіляюць дачыненне да „спробы дзяржаўнага перавароту ў Беларусі і да рыхтавання замаху на Аляксандра Лукашэнку”, паведамляе ТАСС са спасылкай на словы прэс-сакратара Белага дома Джэн Псакі.

Яе папрасілі пракаментаваць заявы аб дачыненні ЗША да спробы дзяржаўнага перавароту ў Беларусі і замаху на Лукашэнку. „Я магу пацвердзіць, што няма ніякіх падстаў для гэтага”, — адказала Псакі.

17 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў пра затрыманне групы, якая планавала замах на яго і яго дзяцей, і звязаў яе са спецслужбамі ЗША. „Мы выявілі працу відавочна замежных спецслужбаў, хутчэй за ўсё, Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення, ФБР, не ведаю, хто там з амерыканцаў працаваў. Мы выявілі іх жаданне з’явіцца ў Менск і ўжо заняцца арганізацыяй замаху на жыццё прэзідэнта і дзяцей”, — сказаў Лукашэнка падчас падыходу да пулу сваіх журналістаў на суботніку.

„Мы іх захапілі ў Маскве, яны пабаяліся [прыехаць у Мінск]. З ЗША прыляцелі — агентура. Прозвішча яго — нейкі Зянковіч (адвакат Юрый Зянковіч. — БелаПАН.). Яны пабаяліся сюды ехаць пасля таго, як мы затрымалі некалькі груп, якія сюды зброю звезлі, ужо ў тайнікі схавалі. Яны з’ехалі ў Маскву. І хто там яшчэ? Наш быў гэты — Фядута (паліттэхнолаг, першы прэс-сакратар Лукашэнкі Аляксандр Фядута. — БелаПАН.). Потым сталі шырэй глядзець: Кастусёў (Рыгор Кастусёў, старшыня Партыі БНФ. — БелаПАН.) з’явіўся там”, — сказаў Лукашэнка.

„Разумееце, я трываў, усё чакаў, „чырвоныя лініі” маляваў для сябе, адсоўваў. А зараз мы іх будзем мачыць так, што ім горш не падасца”, — прыгразіў Лукашэнка.

„Мяне здзіўляе іншае: чаму амерыканцы сябе так паводзяць? Бо паставіць задачу ліквідаваць прэзідэнта, запомніце, не можа ніхто даць згоду, акрамя найвышэйшага палітычнага кіраўніцтва. Толькі яны, ніякія спецслужбы, толькі яны”, — лічыць Лукашэнка.

„Я скажу больш. Я ўдзячны Пуціну. Калі ён размаўляў з [прэзідэнтам ЗША Джо] Байдэнам, ён яму задаў гэтае пытанне. Булькатанне — і ніводнага адказу! Уладзімір Уладзіміравіч мне патэлефанаваў, пра гэта сказаў, калі я з Азербайджана прыбыў”, — сказаў Лукашэнка.

У гэты ж дзень ФСБ Расеі паведаміла, што затрыманыя ў Маскве беларускі палітолаг Аляксандр Фядута і амерыканскі адвакат беларускага паходжання Юрый Зянковіч планавалі вайсковы пераварот у Беларусі і фізічную ліквідацыю Лукашэнкі. Сцвярджалася, што ў расейскую сталіцу Зянковіч прыбыў „пасля праведзеных кансультацый у ЗША і Польшчы”.

Варшава і Вашынгтон абверглі сцвярджэнне ФСБ Расеі аб датычнасці да падрыхтоўкі замаху на Лукашэнку.

belapan.by