Расейская авіякампанія пачне выконваць палёты з Калінінграда ў Менск



Расейская авіякампанія Nordwind Airlines 30 красавіка пачне выконваць рэгулярныя рэйсы з Калінінграда ў нацыянальны аэрапорт Менск, паведамляецца на сайце авіякампаніі.

Рэйсы будуць ажыццяўляцца адзін раз на тыдзень, па пятніцах, час у дарозе складзе 1 гадзіну 15 хвілін. Вылет з аэрапорта Храброва ў 13.50, прыбыццё ў Менск у 16.05; зваротны вылет у Калінінград у 17.05, прыбыццё — у 17.20 (дадзены мясцовы час кожнага аэрапорта).

Пералёты запланаваныя на Boeing 737-800 з кампаноўкай 189 пасажырскіх месцаў.

Актуальная інфармацыя і бранаванне авіябілетаў даступныя на сайце Nordwind Airlines і ў афіцыйных агентаў. Па меры аднаўлення міжнародных паветраных зносін могуць уносіцца змены ў расклад рэйсаў.

„Пры планаванні паездкі неабходна ўважліва азнаёміцца з інфармацыяй аб дзейных візавых правілах і абмежаваннях пры ўездзе ў краіну прызначэння”, — нагадвае авіяперавозчык.

Nordwind Airlines — расейская авіякампанія, заснаваная ў 2008 годзе. Нароўні з Pegas Fly з’яўляецца даччынай авіякампаніяй тураператара „Пегас Турыстык”. Базуецца ў маскоўскім аэрапорце Шарамеццева. Nordwind Airlines штогод уваходзіць у дзясятку найбуйнейшых авіякампаній краіны па колькасці перавезеных пасажыраў.

Як паведамлялася, 2 красавіка перапыненыя раней з-за пандэміі COVID-19 рэгулярныя рэйсы з Менска ў Калінінград аднавіла беларуская авіякампанія „Белавія”.

БелаПАН

Фота: nordwindairlines.ru