Алі Шабанаў выйграў бронзавы медаль на чэмпіянаце Еўропы па барацьбе



Беларускі барэц вольнага стылю Алі Шабанаў, які выступае ў вагавой катэгорыі 86 кг, выйграў бронзу чэмпіянату Еўропы, які праходзіць у Варшаве.

У сутычцы за бронзу Алі Шабанаў перамог польскага атлета Себасцьяна Езяраньскага. Напярэдадні двое прадстаўнікоў Беларусі Арыян Цюрын і Андрэй Бекрэнеў занялі пятыя месцы.

Шкурдай выйграла чэмпіянат Беларусі па плаванні

Берасцейка Анастасія Шкурдай выйграла чэмпіянат Беларусі па плаванні на дыстанцыі 100 м на спіне, паказаўшы на фінішы час 59,89 секунды. Ілля Шымановіч стаў чэмпіёнам Беларусі на дыстанцыі 100 м брасам. У стартах на 400 м комплексным плаваннем не было роўных спартоўцы з Берасцейскай вобласці Еве Андрасюк.  У аналагічным выглядзе праграмы ў мужчын першынстваваў сталічны плывец Канстанцін Курачкін. Дыстанцыю 50 м брасам у жанчын хутчэй за ўсіх пераадолела прадстаўніца Гомельскай вобласці Аліна Змушко – 31,02 секунды.

На дыстанцыі 200 м вольным стылем першынстваваў расеец Уладзіслаў Грынёў. Расеец Раман Шчэўлякоў выйграў золата на 100 м батэрфляем. На аналагічнай дыстанцыі ў жанчын вольным стылем перамагла мінчанка Анастасія Каракоўская.

За ўзнагароды спрачаюцца 343 спартоўцы з Беларусі, Казахстана, Расеі, Украіны і Латвіі.

Ілля Івашка прайграў Рафаэлю Надалю ў Барселоне

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка не змог прабіцца ў 1/8 фіналу турніру катэгорыі АТР 500 у іспанскай Барселоне з прызавым фондам 1,5 млн еўра. У 1/16 фіналу беларус, які займае 111-е месца ў сусветным рэйтынгу, аказаў сур’ёзны супраціў трэцяй ракетцы планеты – іспанскаму тэнісісту Рафаэлю Надалю, але ўсё ж саступіў з лікам 6:3, 2:6, 4:6. Сустрэча доўжылася 2 гадзіны 20 хвілін.

На жаночым турніры катэгорыі WTA 500 у нямецкім Штутгарце з прызавым фондам  565,5 тысяч даляраў сёмая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка ў паядынку 1/16 фіналу перамагла кітаянку Чжан Шуай  – 6:2, 6:2. У матчы за выхад у чвэрцьфінал суперніцай беларускі будзе немка Ганна-Лена Фрыдзам.

Шаранговіч можа дапамагчы зборнай Беларусі на ЧС-2021

Саступіўшы ў матчы з 13 закінутымі шайбамі „Піцбургу” 6:7, „Нью-Джэрсі” пазбавіўся нават тэарэтычных шанцаў на выхад у плэй-оф. Затое беларускі нападнік „Нью-Джэрсі” Ягор Шаранговіч можа паспець да пачатку чэмпіянату света ў Рызе. НХЛ дазволіла сваім хакеістам прыняць у ім удзел.

Менскія „Цмокi” прайгралі „Хімкам” у Адзінай лізе ВТБ

Баскетбалісты „Цмокi-Менск” прайгралі апошні хатні матч Адзінай лігі ВТБ. На пляцоўцы „Менск-Арэны” падначаленыя Расціслава Вергуна саступілі падмаскоўным „Хімкам” з лікам 65:81. Самым выніковым у складзе гаспадароў стаў Крыс Клайберн, які набраў 18 ачкоў.

Менчукам засталося правесці яшчэ адзін паядынак у Адзінай лізе ВТБ – 25 красавіка ў Нур-султане з казахстанскай „Астаной”. У 23 праведзеных гульнях беларускі клуб святкаваў дзве вікторыі і займае 13-е, апошняе месца ў турнірнай табліцы.

„Шахцёр” перамог „Іслач” у першым паўфінале футбольнага Кубка Беларусі

У розыгрышы Кубка Беларусі па футболе прайшлі стартавыя паядынкі паўфінальнай стадыі. У першым з іх дзеючы чэмпіён краіны салігорскі „Шахцёр” адолеў на сваім полі „Іслач” з мінімальнай перавагай – 1:0. Адзіны гол у гэтай сустрэчы быў забіты на 76-й хвіліне, калі паўабаронца гасцей Максім Мякіш зрэзаў мяч у сваю браму.  Уладальнікі Кубка футбалісты барысаўскага БАТЭ, дзякуючы дублю Максіма Скавыша, разграмілі  жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ” 4:1.  Паядынкі ў адказ за выхад у фінал пройдуць 5 траўня ў Жодзіне і Менску.

«Ягелонія» ў другім матчы запар губляе перамогу на апошняй хвіліне

У чарговым матчы чэмпіянату Польшчы па футболе ў экстракласе  футбалісты беластоцкай „Ягелоніі” на хатняй арэне не ўтрымалі перамогу ў матчы са «Сталью» Мелец. Па ходу матча «Ягелонія» перамагала спачатку 2:0 пасля галоў Богдана Ціру на 3-й і Томаша Пшыкрыла на 12-й хвіліне матчу. Да перапынку госці скарацілі адставанне, а на 68-й хвіліне зраўнялі лік. Пасля дубля Ціру на 85-й хвіліне здавалася перамога ўжо не ўбяжыць ад падначаленых Рафала Гжыба, але на 5-й даданай хвіліне матчу Матэвуш Мак дакладным ударам галавой забраў у «Ягі» два ачкі. Лік сустрэчы 3:3. “Ягелонія” апусцілася на 11-ы радок турнірнай табліцы. Таксама варшаўская «Легія», дзякуючы голу Рафаэля Лопеша, на 75-й хвіліне перамагла ў гасцях «Пяст» Глівіцэ 1:0 і працягвае лідыраваць.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: belta.by