Пра вадаправодны апакаліпсіс



Вось ужо колькі месяцаў у Менску штосьці не тое з вадаправоднай вадой. Улетку яна смярдзела. Узімку штосьці ламалася. Увесну адбывалася буйное пашкоджанне вадаправоднага трубапровада. Такое адчуванне, што нават вадаправод паказвае ўсімі сваімі паломкамі, каб улады нарэшце перасталі паляваць на ведзьмакоў, а заняліся сваімі непасрэднымі абавязкамі.

На адной з менскіх вуліц прарвала трубы. Ды так, што ў некалькіх раёнах узніклі праблемы з водазабеспячэннем. Пакуль што ў тыя раёны накіравалі цыстэрны з пітной вадой. А сярод наступстваў аварыі называюць пагаршэнне якасці вады. Калі б падобнае было ўпершыню. Але не. Улетку два раёны сталіцы мелі, мякка кажучы, праблемы з якасцю вады. А калі дакладней, то вада смярдзела так, што людзям даводзілася браць ваду з цыстэрнаў. Узімку ў адным з раёнаў Менска таксама быў прарыў, у выніку чаго людзі ў маразы засталіся без цёплых батарэй і гарачай вады. І вось цяпер зноў аварыя. Не, канешне, лягчэй і танней зразаць бчб-стужкі і зафарбоўваць белыя і чырвоныя колеры, чым заняцца нарэшце маштабным рамонтам вадаправоду і цепласетак. І штосьці падказвае, што ў бліжэйшы час вадаправод наўрад ці будзе цікавы ўладам Беларусі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ