Ціханоўская абмеркавала з кіраўніком МЗС Грэцыі сітуацыю ў Беларусі
Сітуацыя ў Беларусі абмяркоўвалася ў тэлефоннай размове беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай з міністрам замежных спраў Грэцыі Нікасам Дэндыясам.
„Падчас званка абмеркавалі эскалацыю рэпрэсій у Беларусі, неабходнасць падтрымкі грамадзянскай супольнасці і міжнароднага націску на рэжым”, — паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
„Ціханоўская падкрэсліла прынцыповую пазіцыю мірна вырашыць беларускі крызіс. Міністр падтрымаў заклік Ціханоўскай да дыялогу і перамоў”, — гаворыцца ў паведамленні.
Дэмлідар распавяла пра пераслед журналістаў у Беларусі і сітуацыю з галоўным рэдактарам выдання Intex-press (Баранавічы) Уладзімірам Янукевічам, якому пагражае крымінальная справа за апублікаванае інтэрв’ю з ёй.
Падчас гутаркі бакі падкрэслілі неабходнасць каардынацыі дзеянняў краін Еўразвяза і ЗША ў дачыненні да Беларусі.
Паводле інфармацыі прэс-службы, Дэндыяс запрасіў Ціханоўскую наведаць Афіны з афіцыйным візітам.
Фота t.me/tsikhanouskaya