Ці насамрэч інаўгурацыя Ціханоўскай выратуе Беларусь?



Кіраўнік НАУ Павел Латушка ў інтэрв’ю “Радыё Свабода” заклікае экс-кандыдатку на выбарах 2020 года Святлану Ціханоўскую ўступіць у пасаду, абвясціўшы сябе легітымным прэзідэнтам. Такі крок, на ягоную думку, стане адным з механізмаў абароны суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Заклік экс-міністра культуры і дыпламата прагучаў напярэдадні візіту кіраўніка дзяржавы ў Маскву, дзе, паводле інсайдарскай інфармацыі Паўла Латушкі, можа весціся гаворка пра паглынанне Беларусі Расеяй. У прыватнасці, за зачыненымі дзвярыма абодва бакі ў таямніцы ад беларускага грамадства могуць прыйсці да пагаднення аб размяшчэнні расейскіх вайсковых баз ці ўвогуле ўвядзення вайсковага кантынгента РФ на тэрыторыю Беларусі.

Павел Латушка, звярнуўшыся да Святланы Ціханоўскай, чарговы раз прыцягнуў увагу да сябе і сваёй палітычнай структуры. Пра гэтую ініцыятыву напісалі вядучыя незалежныя СМІ і папулярныя тэлеграм-каналы апазіцыйнай скіраванасці. Словам, пэўны рэзананс дасягнуты быў. Цяпер – мяч на полі каманды Святланы Ціханоўскай. Але, сыходзячы са стратэгіі штаба экс-кандыдаткі і яе шматлікіх заяваў у інтэрв’ю, нешта падказвае, што дадзены зварот застанецца без адказу. Перад паездкай Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву ад імя экс-кандыдаткі быў апублікаваны зварот-заклік да беларускага народу, у якім лідарка зазначыла, што ў хуткім часе “мы можам сутыкнуцца з неабходнасцю абараняць сваю незалежнасць”. Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што беларускі народ не дапусціць страты незалежнасці і ў выпадку патрэбы абароніць суверэнітэт.

Палітычны крызіс у Беларусі некаторыя аглядальнікі параўноўваюць з сітуацыяй двоеўладдзя ў Венесуэле. У гэтай лацінаамерыканскай дзяржаве вось ужо некалькі год не суціхаюць масавыя акцыі пратэсту супраць пераемніка Уга Чавэса Нікаласа Мадура. Вырашэнню палітычнай сітуацыі ў той ці іншы бок не дапамагае нават тое, што адзін з лідараў апазіцыі Хуан Гуайдо абвясціў сябе прэзідэнтам. І хоць альтэрнатыўнага палітыка падтрымлівае значная частка насельніцтва і ўвесь дэмакратычны свет, але рэальная ўлада застаецца ў руках узурпатара, які ўтрымліваецца на сваёй пасадзе дзякуючы лаяльнасці сілавікоў. Такім чынам, мы бачым, што нават адчайны крок па абвяшчэнні сябе прэзідэнтам краіны не вядзе аўтаматычна да перамогі. А ў беларускім выпадку, калі ў захаванні цяперашняй улады зацікаўленая Расея і калі лідарка апазіцыі знаходзіцца па-за межамі краіны, самаабвяшчэнне нічога, акрамя кароткатэрміновага медыйнага эфекту, не дасць. Фактычна, пасля цырымоніі інаўгурацыі, Святлана Ціханоўская будзе дубляваць ганаровую, але малаўплывовую функцыю старшынькі Рады БНР Івонкі Сурвілы. Узровень прадстаўнічасці сустрэч у Святланы Ціханоўскай і без уступлення ў пасаду дастаткова высокі. Яе прызнаюць урады вядучых краін свету, з ёй размаўляюць кіраўнікі дэмакратычных дзяржаваў і да яе звяртаюцца дыпламаты. Адпаведна, у цяперашні момант ёй не трэба засяроджвацца на інаўгурацыі — яна і так мае легітымнасць у вачах міжнароднай супольнасці і, што больш важна, беларусаў. Цырымонія ўступлення ў пасаду магчымая толькі пасля вяртання Святланы Ціханоўскай у Беларусь. А для гэтага патрэбна, каб выконваліся дзве ўмовы: 1. Максімальная мабілізацыя беларускага народу на ўзроўні жніўня 2020 году; 2. Гарантыі бяспекі лідарцы ад беларускай дзяржавы і міжнародных структур. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ