Берасцейскага праваабаронцу папярэдзілі за інтэрв’ю „Deutsche Welle”



Берасцейскага праваабаронцу Рамана Кісляка афіцыйна папярэдзілі за інтэрв’ю „Deutsche Welle”. Падрабязнасці ён распавёў у нашым ранішнім эфіры. Інтэрв’ю выйшла 19 красавіка з нагоды сітуацыі з акумулятарным заводам пад Берасцем. У сакавіку яго ўвялі ў эксплуатацыю, хоць улады абяцалі, што гэтага не будзе да правядзення мясцовага рэферэндуму, прыгадвае праваабаронца.

У чым тут крымінал і чаму нельга выказваць сваё меркаванне? Задаецца пытаннем Раман Кісляк:

– Я не бачу ніякага крыміналу ў тым, што я даваў інтэрв’ю і ў тым, што я сказаў. Але тым не менш відавочна, што ўлады ўспрымаюць гэта неяк больш сур’ёзна. Я нават убачыў нейкае бачанне замовы. Мне такія пытанні задавалі: хто мне плаціў, ці даваў мне хто якія ўказанні даць гэтае інтэрв’ю. Для мяне гэта было адкрыццём. Звычайнае інтэрв’ю ўлады ўспрымаюць ужо як нейкую замову супраць улады і чыноўнікаў.

У пракуратуры палічылі, што словы праваабаронцы могуць прывесці „да напружанасці ў грамадстве”, а таксама выклікаць акцыі пратэсту. Але якія словы, удакладняць не сталі.

Раман Кісляк збіраецца абскарджваць афіцыйнае папярэджанне.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя