У першым квартале 2021 года ўзровень фактычнага беспрацоўя вырас да 4,2%



У першым квартале 2021 года ў Беларусі вырас узровень фактычнага беспрацоўя, сведчаць вынікі праведзенага Нацыянальным статыстычным камітэтам выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак.

Узровень занятасці насельніцтва (адносіны колькасці занятага насельніцтва да колькасці насельніцтва ва ўзросце 15—74 гадоў) склаў 66,4%, узровень беспрацоўя (у адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднай арганізацыі працы) — 4,2% колькасці працоўнай сілы.

Фактычнае беспрацоўе ў чацвёртым квартале 2020 года складала 4,1%, узровень занятасці — 67,9%.

У адпаведнасці з міжнароднай метадалогіяй людзі, якія не маюць працы, але паведамляюць, што актыўна яе шукаюць, класіфікуюцца як беспрацоўныя.

У першым квартале 2021 года фактычнае беспрацоўе сярод мужчын склала 5%, сярод жанчын — 3,4%. Беспрацоўнымі было 4,2% гарадскога і 4% сельскага насельніцтва.

Размеркаванне па ўзросце: 15—19 гадоў — 36,9% беспрацоўных, 20—24 гады — 8,8%, 25—29 гадоў — 4,9%, 30—34 гады — 3,3%, 35—39 гадоў — 3,3%, 40—44 гады — 2,8%, 45—49 гадоў — 3,1%, 50—54 года — 3,2%, 55—59 гадоў — 3,2%, 60—74 года — 5,7%.

Да фактычна беспрацоўных адносілася 2,8% асоб з вышэйшай адукацыяй, 3,7% — з сярэдняй спецыяльнай, 4,3% — з прафесійна-тэхнічнай, 6,8% — з агульнай сярэдняй, 14,4% — з агульнай базавай.

Як адзначае Белстат, абследаванне праводзіцца ў адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднай арганізацыі працы на штоквартальнай аснове для атрымання інфармацыі аб колькасці працоўнай сілы, занятых, беспрацоўных, а таксама асобах, якія не ўваходзяць у склад працоўнай сілы, па поле, узросце, узроўні адукацыі і іншых дэмаграфічных і сацыяльна-эканамічных характарыстыках.

Ніжняя ўзроставая мяжа рэспандэнтаў вызначана ў адпаведнасці з рэкамендацыямі ААН па правядзенні перапісаў насельніцтва, у якіх устаноўлена, што мінімальны ўзрост для вызначэння эканамічнай актыўнасці насельніцтва не павінен перавышаць 15 гадоў, верхняя (74 гады) — з улікам наяўнасці фактаў эканамічнай дзейнасці.

Абследаванне праводзіцца ва ўсіх абласцях і Менску па выбарачным метадзе і ахоплівае 0,6% хатніх гаспадарак з наступным распаўсюджваннем вынікаў на ўсё насельніцтва ў абследаваным узросце.

Паводле звестак Мінпрацы, узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 красавіка склаў 0,2% і ў параўнанні з 1 красавіка 2020 года не змяніўся.

belapan.by