Агляд прэсы: «каралеўскае» паляванне



Пуцін пагражае і свайму народу, і суседзям. Расея нечакана адводзіць войскі з украінскай мяжы, але, магчыма, гэта толькі адцягвае манеўр. У свеце распачынаецца паляванне на заводы-забруджвальнікі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

 «Захад павінен падняць цану за шкодныя паводзіны Пуціна», – лічыць рэдакцыя брытанскага часопіса The Economist.

Выданне ўказвае на тое, што ваенныя аналітыкі сумняюцца ў магчымасці поўнамаштабнага ўварвання Расеі ў краіны-суседкі: перамяшчэнне войскаў ажыццяўляецца занадта знарочыста для падрыхтоўкі нечаканай атакі. Аднак ваенна-марскія сілы Пуціна пагражаюць перакрыць Керчанскі праліў і адрэзаць такім чынам частку Украіны ад Чорнага мора. Яго мэта ў тым, каб запалохаць украінскіх лідараў і дамагчыся саступак – такіх, напрыклад, як прадастаўленне Данбасу фармальнай аўтаноміі.

«Пуцін на самой справе слабей, чым ён здаецца, але менавіта гэта робіць яго небяспечным.  Падзеі ў Беларусі турбуюць расейскага прэзідэнта, так як пазіцыі Лукашэнкі настолькі аслаблі ў выніку пратэстаў, што ягонае знаходжанне ва ўладзе зараз залежыць ад Расеі. Калі нешта падобнае адбудзецца з  Пуціным, то яму ўжо няма да каго будзе звярнуцца. Сутыкнуўшыся з пратэстамі ў сваёй краіне, ён, магчыма, паспрабуе нанесці ўдар за мяжой – па Украіне», – рэзюмуе The Economist.

«Тыднямі Расея нагнятала страх вайны праз разгортванне сваіх войскаў. Цяпер яна раптам аб’яўляе аб адводзе войскаў. Гэта не значыць, што крызіс вырашаны», – піша швейцарскае выданне Neue Zürcher Zeitung.

«Паводзіны Расеі падаюцца загадкавымі па некалькіх прычынах, – адзначае выданне. – Па-першае, гэта былі зусім не звычайныя вучэнні, ні з пункту гледжання колькасці, ні з пункту гледжання характару перакідвання войскаў. Па дадзеных НАТА, разгортванне войскаў на мяжы з Украінай перагнала нават 2014 год, калі Расея акупавала Крым і пачала схаваную ваенную аперацыю ў Данбасе на ўсходзе Украіны. Акрамя таго, у ходзе простай праверкі боегатовасці войскаў – у адрозненне ад буйнамаштабных манеўраў, пра якія аб’яўляюць загадзя, – войскі звычайна застаюцца ў сваіх ваенных акругах; на гэты раз у некаторых выпадках яны перамяшчаліся на адлегласць, якая перавышае тысячы кіламетраў».

Neue Zürcher Zeitung звяртае ўвагу на тое, што Пуцін у сваім звароце да нацыі задаў агрэсіўны тон, не падаючы ніякіх прыкмет жадання разрадзіць абстаноўку. Ён  перасцярог Захад ад перасячэння чырвонай рысы і падкрэсліў абараназдольнасць сваёй краіны перад тварам зламыснасці суперніка.

«У той жа час Расея не дамаглася прагрэсу ў дасягненні сваіх мэтаў ва Украіне. У Кіева жаданне наблізіцца да НАТА толькі ўзрасло, а перамоваў пра рашэнне данбаскага канфлікту ў адпаведнасці з расейскімі ўяўленнямі не прадбачыцца», – рэзюмуе Neue Zürcher Zeitung.

«Уцечка ў газаправодзе. Незаконныя звалкі. Электрастанцыі, якія дымяць больш, чым трэба. Усё гэта хутка будуць выяўляць спадарожнікі каліфарнійскай кампаніі Planet. Гэта можа стаць рэвалюцыяй у барацьбе са зменай клімату, бо пры дапамозе новых спадарожнікаў-выведчыкаў можна будзе ўбачыць значна больш дэталяў: яны, кажучы простай мовай, будуць фіксаваць кожную дымячую трубу на заводах», – піша нямецкае выданне Die Welt.

Паводле выдання, такія спадарожнікі – гэта адзіны спосаб вызначыць месцы, дзе трэба дзейнічаць. На сёння спадарожнікі адзін раз на дзень фатаграфуюць увесь зямны шар. Камеры фіксуюць усё: лясныя пажары, патокі ўцекачоў і перасоўванне караблёў. Фермеры выкарыстоўваюць такія выявы, каб ацаніць, ці час збіраць ураджай. Выведвальныя службы шукаюць ракетныя пускавыя ўстаноўкі ў Паўночнай Карэі. Некаторыя кампаніі лічаць грузавікі ў заводаў-канкурэнтаў, каб ацаніць, як ідзе іх бізнэс.

«Нарэшце настаў час, каб пры дапамозе спадарожнікаў перамагчы ў барацьбе са зменай клімату. Прынамсі зараз ужо 20 спадарожнікаў гатовы да пуску на арбіту і прызначаны для выяўлення так званых супер-забруджвальнікаў – прамысловых прадпрыемстваў, якія асабліва спрыяюць забруджванню навакольнага асяроддзя», – гаворыцца ў артыкуле нямецкай газеты. Выданне акцэнтуе ўвагу, што 20 найбуйнейшых у свеце вытворцаў мяса і малака вырабляюць больш парніковых газаў, чым уся Нямеччына агулам.

 Амаль год амерыканцы з нецярпеннем чакалі фармавання калектыўнага імунітэту, калі дастатковая колькасць людзей будзе абаронена пры дапамозе вакцынацыі або перанесенай інфекцыі, каб спыніць  далейшы распаўсюд Сovid-19.

«Але нават нягледзячы на тое, што больш за палову дарослых амерыканцаў атрымалі хаця б адну дозу вакцыны, а многія іншыя маюць імунітэт, нядаўна перахварэўшы, эксперты ў галіне аховы здароўя адыходзяць ад ідэі магчымасці дасягнення некаторага магічнага ліку імунізаваных», – піша амерыканскае выданне USA Today.

Выданне адзначае, што лекары больш не хочуць гаварыць пра калектыўны імунітэт. Замест таго, каб канцэнтравацца на няўлоўных лічбах, ідуць заклікі зрабіць прышчэпкі як мага большай колькасці людзей.  – канстатуе USA Today.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка