На пенсіянера паскардзіліся суседзі з-за беларускай мовы



У Міністэрстве ўнутраных спраў паведамілі, што затрымалі 65-гадовага пенсіянера, знайшлі ў яго валюту і правяраюць на фінансаванне пратэстаў, грошы канфіскавалі.

Па паведамленні ведамства, у кватэры мужчыны супрацоўнікі знайшлі «незарэгістраваную сімволіку, улёткі і літаратуру з заклікамі да пратэставай дзейнасці».

«Усе матэрыялы пенсіянер распаўсюджваў сярод суседзяў. Акрамя таго, у кватэры мужчыны выявілі і канфіскавалі каля 65 тысяч еўра і больш за 87 тысяч даляраў ЗША. Разам з тым яго пенсія не перавышае 280 рублёў. Правяраецца яго дачыненне да фінансавання пратэстаў. Мінчанін затрыманы за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».

Праваабаронцы „Вясны” лічаць, што гэта Адам Шпакоўскі, да якога 21 красавіка ўварвалася міліцыя і вяла ператрус шэсць гадзін. Праваабаронцы сцвярджаюць, што на Шпакоўскага паскардзіліся суседзі за тое, што «ён дастаў усіх сваёй беларускай мовай». Пасля затрыманага павезлі на Акрэсціна, суд даў яму 15 сутак арышту.

Беларускае Радыё Рацыя