Мастак Алесь Пушкін амаль месяц у ізалятары



Палітвязень Алесь Пушкін знаходзіцца ў гарадзенскім СІЗА. Пра гэта паведаміла яго жонка Яніна. «Сітуацыя не мяняецца, яны вядуць следства. Адвакат пад падпіскай аб неразгалошванні», — сказала яна.

 

Мастак Алесь Пушкін быў затрыманы 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў.

Алесь Пушкін — фігурант крымінальнай справы, якую пачала гарадзенская пракуратура па ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варажнечы). Паводле пракуратуры, «за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму». Падставай для гэтага стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара «з аўтаматам на плячы», які быў выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадскога жыцця».

Паводле пракуратуры, Жыхар падчас нямецкай акупацыі прайшоў навучанне ў спецпадраздзяленні Абвера і быў закінуты ў Полацкую вобласць. «Ён узначаліў атрад з былых паліцаяў і іншых здраднікаў, якія на працягу 9 гадоў у Пастаўскім раёне здзяйснялі забойствы міліцыянтаў, партыйных і дзяржаўных службовых асоб, падпалы адміністрацыйных будынкаў і дыверсіі на чыгунцы», — піша пракуратура. Паводле пракуратуры, падчас выставы Алесь Пушкін характарызаваў Жыхара як чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым услаўляў і апраўдваў яго дзеі.

Па крымінальнай справе быў затрыманы на 72 гадзіны і кіраўнік «Цэнтра гарадскога жыцця» Павел Мажэйка. Цяпер ён на волі і праходзіць па справе як падазраваны.

Беларускае Радыё Рацыя