„Гродна Азот” і „Хімвалакно” могуць спыніць вытворчасць



Прадпрыемства „Гродна Азот” і „Хімвалакно”, якое ўваходзіць у склад „Азоту”, могуць спыніць вытворчасць дзеля рамонтных прац. Пра гэта паведаміў лідар страйкаму “Азоту” Юры Рававы. “Азот” бліжэйшым часам можа спыніцца цалкам на 7–10 дзён.

 

Прычына — аварыя на трубаправодзе зваротнай вады. Ён лопнуў падчас нядаўняга спынення цэхаў “Аміяк-4” і “Карбамід-4”.

“Тады персанал зрабіў памылкі, бо не хапае спецыялістаў, і сапсавалі водаправод. Каб яго адрамантаваць, імаверна, давядзецца спыніць цалкам завод”, — кажа Юры Рававы. Падобная сітуацыя склалася на “Хімвалакне”.

На праспекце Янкі Купалы побач з заводам плануюць рабіць рамонт дарогі. Дзеля гэтага трэба адключыць лінію электраперадач, ад якой сілкуецца „Хімвалакно”. Тады ўвесь завод або спыніцца, або пяройдзе на мінімальныя абароты. Яго, як і „Азот”, спыніць умомант немагчыма праз складаны тэхналагічны працэс.

Беларускае Радыё Рацыя