Раман Кісляк: Мы можам пратэставаць



Нам абяцалі рэферэндум і мы яго патрабуем, кажа берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк.

І нягледзячы на тое, што ўлады вырашылі – яны ад гэтага абяцання могуць адмовіцца, працягвае ён. Праціўнікі акумулятарнага заводу, які збудавалі пад Берасцем, лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю.

У сакавіку Тэльмінскі сельвыканкам Берасцейскага раёну адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па правядзенні мясцовага рэферэндуму пра лёс заводу, дзе ён месціцца, але актывісты ідуць іншым шляхам, кажа праваабаронца Раман Кісляк:

– Мы самі ініцыявалі, жыхары Тэльмінскага сельвыканкаму, зараз фармуецца ініцыятыўная група ў горадзе Берасце. Неабходна яе сфармаваць, каб было некалькі сотняў чалавек хаця б, каб нармальна подпісы збіраць. Далей мы ставім пытанне пра законнасць размяшчэння прадпрыемства ў свабоднай эканамічнай зоне. Я ўпэўнены, што мы дакажам гэтую незаконнасць праз адпаведныя прававыя працэдуры. Мы можам пратэставаць самымі рознымі спосабамі, у тым ліку ў рамках тых працэдураў, якія існуюць у гэтай дзяржаве.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з грамадскасцю, дзе прысутнічалі і праціўнікі прадпрыемства летась 22 чэрвеня паабяцаў правесці мясцовы рэферэндум. Яго планавалася арганізаваць пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Сёлета 15 сакавіка прэс-служба „Акумулятарнага альянсу” паведаміла, што на заводзе завяршыла працу прыёмачная камісія, атрыманы поўны пакет дакументаў, якія пацвярджаюць адпаведнасць прадпрыемства патрабаванням экалагічнай бяспекі і эксплуатацыйнай надзейнасці. А мясцовыя ўлады заявілі, што не маюць паўнамоцтваў для правядзення рэферэндум.

Беларускае Радыё Рацыя