Антон Астаповіч: Ці законныя будаўнічыя працы на тэрыторыі Берасцейскай крэпасці?
Скаргу на парушэнні ў час будаўнічых працаў у Берасцейскай крэпасці падаў у Генеральную пракуратуру старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Парушэнні ён заўважыў пры будаўніцтве гатэля і моладзевага вайскова-патрыятычнага цэнтру ў Кобрынскім умацаванні крэпасці. Спецыяліст просіць праверыць працэдуру выдачы дазволаў на правядзенне названых працаў.
– Без горадабудаўнічага распрацаванага і зацверджанага дакумента зараз вядзецца кропкавая работа, яна можа прывесці да незваротных страт, як у планіровачнай структуры менавіта ў перспектывах аднаўлення гэтага помніка, адным словам, усё гэта можа быць перакрыта гэтым аб’ектам. Таму праект дэтальнай планіроўкі павінен ісці на самым першым месцы. А далей ужо могуць ісці звычайныя праекты на пэўныя аб’екты, ці то на іх новае ўзвядзенне, ці іх капітальны рамот або рэканструкцыю.
Будаўнічыя працы вядуцца на месцы казармаў польскіх вайскоўцаў, пабудаваных у 30-х гадах мінулага стагоддзя. Беларускі тэлеканал СТВ паведаміў, што ў час пракладкі камунікацый, там знайшлі дакументы і прадметы побыту вайскоўцаў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя