Беларусь прадставіць Расею ў еўрапейскай кансультацыйнай групе



Дамовы аб звычайных узброеных сілах. Такую заяву зрабіў прэсавы сакратар беларускага МЗС Дзмітры Мірончык. Паводле яго, для Беларусі Сумесная кансультатыўная група застаецца найбольш зручным фарматам для абмену думкамі з іншымі дзяржавамі.

Беларускі бок будзе карыстацца гэтым прадстаўніцтвам у прапагандысцкіх мэтах, лічыць палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

– Яшчэ адзін шанец для Лукашэнкі прысутнасці ў міжнародных адносінах, але ж цяжка сабе ўявіць, як Беларусь будзе прадстаўляць Расею ў той дамове, у якой Расея не ўдзельнічае. Гэта гульня… Так выглядае, што Беларусі гэта выгодна, Макей часцей будзе ездзіць.

Напярэдадні Расея канчаткова выйшла з дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе, якая абмяжоўвала колькасць вайскоўцаў і пэўных відаў зброі на еўрапейскім кантыненце. Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг выказаў расчараванне з гэтай нагоды і паведаміў, што НАТА і надалей будзе “верным” падпісанай 25 гадоў таму дамове.

* * *

Расейскі бок звярнуўся да афіцыйнага Менску з просьбай прадстаўляць Маскву на кансультацыях па звычайных узбраеннях у Еўропе.

З сённяшняга дня Расея спыніла свой удзел у дамове аб звычайных узброеных сілах у Еўропе.

“У сітуацыі, калі Беларусь будзе прадстаўляць Расею у кантактнай групе, наша краіна можа толькі ўзмацніць сваё значэнне на міжнародным узроўні”, мяркуе вайсковы эксперт выдання «Беларусы і рынак» Аляксандр Алесін:

 – Беларусь як міратворца і як транзітная краіна будзе служыць свайго роду перадатачным звяном. Роля беларускага пасярэдніка ўзрастае яшчэ больш не толькі па Украіне, але і па гэтай працэдуры. У агульным плане сітуацыя ў рэгіёне пагоршыцца, бо ступень недаверу ўзрастае.

Дамова аб звычайных узброеных сілах абмяжоўвала колькасць звычайнага ўзбраення ды войскаў.

Пагадненне 1990 году паміж НАТА і краінамі камуністычнага блоку вызначала таксама прынцыпы ўзаемнага кантролю за вайсковай актыўнасцю еўрапейскіх краінаў, і прывяло да  дэмілітарызацыі кантыненту.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя